ВНУ скароцяць набор географаў і біёлагаў, але павялічаць палітолагаў

Да пачатку уступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы збіраем новыя спецыяльнасці і прыгадваем старыя, якія сёлета скароцяць.

БДУ на гэтую ўступную кампанію рыхтуе некалькі новых спецыяльнасцяў: “дызайн касцюма і тканіны”, “дзяржаўнае кіраванне і права” і “геаінфармацыйныя сістэмы”. У галоўнай ВНУ краіны прызнаюць: месцаў для бюджэтнікаў стане менш. Але на колькі, пакуль не ведаюць, слова за Міністэрствам адукацыі.

Біёлагаў-географаў скароцяць, ідэолагаў дададуць.

Брэсцкі ўніверсітэт імя Пушкіна на гістфаку будзе вучыць на ідэолагаў. Тут адкрываюць дзве новыя спецыяльнасці: “гісторыя (паліталогія)” і “гісторыя (археалогія)”. Ва ўніверсітэце разлічваюць на палітолагаў, бо тых могуць узяць “у органы кіравання, у ідэалагічныя аддзелы і аддзелы па працы з моладдзю”.

Але ў Брэсцкім універсітэце набяруць менш настаўнікаў фізкультуры, а ад спецыяльнасці “біялогія і геаграфія” наогул адмовіліся.

У Магілёўскім ўніверсітэце імя Куляшова возьмуць менш географаў, бо “летась на гэтую спецыяльнасць не дабралі двух чалавек”. Адзін з іх мусіў паступаць па мэтавым накіраванні. Новых спецыяльнасцяў тут ўводзіць не збіраюцца. Фізікаў і матэматыкаў таксама не скарачаюць, хоць летась будучых фізікаў-інфарматыкаў набралі толькі на дадатковым наборы, з меншым балам па тэставанні.

Віцебск будзе рыхтаваць больш айцішнікаў

Новая спецыяльнасць у Віцебскім універсітэце імя Машэрава — “праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” на дзённым і завочным са скарочаным тэрмінам навучання. На дзённым айцішнікаў збіраюцца рыхтаваць 4 гады, на завочным — 3. Бюджэтныя месцы таксама скароцяць, але не больш за 10.

Распрацоўшчыкаў камп’ютарных гульняў пачынае вучыць універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў гульнявой індустрыі” называецца новая спецыяльнасць. Агулам гэтая ВНУ набірае на дзясятак менш айцішнікаў, чым летась.

Ва ўніверсітэце культуры і мастацтва новых спецыяльнасцяў сёлета не будзе. Бюджэтнікаў таксама возьмуць менш: 320 замест 345 ў мінулым годзе.

Летась на цэнтралізаванае тэставанне зарэгістраваліся 105 тысяч абітурыентаў, з іх сталі студэнтамі 63 тысячы чалавек, паведамляе Белстат.

Фота: mediamza.com