Вы тут

Віктару Бабарыку ў СІЗА КДБ не даюць магчымасці купіць кнігі

Віктар Бабарыка / @viktarbabarykaofficial

Каля месяца былы банкір і зняволены СІЗА КДБ Віктар Бабарыка не можа купіць кнігі, паведамляе яго афіцыйны Тэлеграм-канал.

"У СІЗА КДБ, як і ў любы іншы ізалятар, нельга наўпрост перадаць кнігі. Зняволены можа ці браць кнігі ў мясцовай бібліятэцы, ці купляць па спісе ў кнігарні. Так павінна быць па законе", — гаворыцца ў паведамленні.  

Аднак ужо каля месяца Бабарыка не можа скарыстацца правам набыць кнігі. Ён фармаваў заяву на кнігі з цэнтральнай "Кнігарні", але так іх і не атрымаў.

"Кнігі проста не закупляюць і не выдаюць яму", — гаворыцца ў паведамленні.

Бабарыка любіць чытаць, адна з яго любімых кніг — "Уладар Пярсцёнкаў". "Белгазпрамбанк", калі яго ўзначальваў Бабарыка, у свой час дапамог з выданнем цыкла кніг Святланы Алексіевіч "Галасы Утопіі". Сродкі збіралі праз краўдфандынг, але частку сумы ўнёс і "Белгазпрамбанк".

Бабарыка планаваў удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы, але 18 чэрвеня быў затрыманы разам з сынам Эдуардам, які быў кіраўніком яго выбарчага штаба. За тыдзень да іх затрымання ў "Белгазпрамбанку" прайшоў ператрус. Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК распачаў крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў і "адмыванне" грошай, атрыманых злачынным шляхам. 

У канцы верасня Камітэт дзяржбяспекі працягнуў тэрміны расследавання крымінальнай справы супраць Бабарыкі. А 10 кастрычніка ў СІЗА КДБ на сустрэчу з палітвязнямі прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. На гэтай сустрэчы прысутнічаў і Віктар Бабарыка. Пазней ён перадаў праз адвакатаў, што гэтую сустрэчу нельга назваць дыялогам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.