КДБ працягнуў тэрміны расследавання справы Віктара Бабарыкі

КДБ працягнуў тэрміны расследавання справы Віктара Бабарыкі

Камітэт дзяржаўнай бяспекі працягнуў тэрміны расследавання крымінальнай справы супраць Віктара Бабарыкі. Пра гэта інфармагенцтву Sputnik паведаміла ў панядзелак крыніца, знаёмая з ходам расследавання.

Экс-прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы знаходзіцца за кратамі з 18 чэрвеня. Разам з ім затрымалі і яго сына Эдуарда. За тыдзень да іх затрымання ў "Белгазпрамбанку", які раней узначальваў Бабарыка, адбыўся ператрус. Дэпартамент фінансавага расследавання КДК пачаў крымінальную справу за ўхіленне ад выплаты падаткаў і "адмыванне" грошай, атрыманых злачынным шляхам. 

Акрамя бацькі і сына Бабарыкаў былі затрыманыя шэраг супрацоўнікаў "Белгазпрамбанка" і афіляваных з ім структураў.

Амаль усе дагэтуль застаюцца пад вартай. Толькі аднаму чалавеку змянілі меру стрымання на хатні арышт.

З адвакатаў узятая падпіска аб неразгалошванні. 

Крыніца агенцтва Sputnik паведаміла, што цяжка прагназаваць, наколькі зацягнецца следства. "Нават па колькасці абвінавачаных немагчыма дакладна сказаць. Як мінімум 10 чалавек", — дадаў ён.

Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку і фігурантаў яго справы палітвязнямі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі