Вы тут

Вайна і рускія: хто ходзіць на праўладныя мітынгі ў Беларусі

Праўладны марш у Мінску / Еўрарадыё
Дысклеймер: рэдакцыя Еўрарадыё ні ў якім разе не сцвярджае, што на праўладныя мітынгі ходзяць толькі грамадзяне РФ, БРСМаўцы, прафесійныя статысты і наркаманы.

9 жніўня ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Акцыі пратэсту праходзяць з таго часу кожны дзень. Аляксандр Лукашэнка не раз выказваўся аб іх удзельніках: прастытуткі, наркаманы, п'яныя, уркі. А лідараў аб'яднанага штаба ён назваў авечкамі.

Самі пратэстоўцы над словамі Лукашэнкі іранізуюць — ніводная буйная акцыя цяпер не абыходзіцца без пераклічкі:

— Прастытуткі тут?

— Тут!

— Наркаманы тут?

— Тут!

— Алкаголікі тут?

— Тут!

— Авечкі тут?

— Тут!

Вулічныя шэсці па нядзелях збіраюць больш за 100 тысяч чалавек — колькасць "асацыяльных элементаў" уражвае.

Паралельна з акцыямі пратэсту ў Беларусі праходзяць і акцыі прыхільнікаў Лукашэнкі — не такія масавыя і не штодзённыя. У міліцэйскіх зводках яны называюцца "масавымі мерапрыемствамі ў падтрымку міру, бяспекі і спакою". Як быццам людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі хочуць міру, бяспекі і спакою мацней, чым з бел-чырвона-белымі.

Еўрарадыё правяло некалькі стрымаў з гэтых акцый пад хэштэгам #ямыбацька. А пазней — самі, з дапамогай нашых слухачоў і інтэрнэту — прыгледзеліся да некаторых іх удзельнікаў. Хто гэтыя людзі, што мітынгуюць у падтрымку дзейных улад?

Ілля Вайна

Хлопец з дзяржаўным сцягам на плячах быў заўважаны на праўладным мітынгу 25 жніўня каля Камароўскага рынку. У эфіры Еўрарадыё ён заявіў, што на акцыю яго прывяла "грамадзянская адказнасць", а сябе як студэнта назваў "чалавекам дзяржаўным".

Забаўна, што за некалькі гадзін да таго гэты самы хлопец з'явіўся ў сюжэце тэлеканала АНТ пра "сталічную моладзь, якая ўшанавала памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне" ў рамках акцыі "Мы памятаем". У рэпартажы распавядалася пра маладых людзей, якія ўсклалі 75 руж да помніка маці, што смуткуе, у парку Чалюскінцаў — “за кожны год мірнага жыцця пасля вайны”.

У сюжэце згаданы малады чалавек распавядае пра двух дзядуль, якія прайшлі праз вайну. Ён падпісаны як Ілля Вайна. Хлопца можна знайсці ў сацсетках: яму 19 гадоў, ён навучэнец мінскага політэхнічнага каледжа пры БНТУ.

З рэпартажу АНТ складваецца ўражанне, што арганізаванае ўскладанне 75 руж да помніка — гэта асабістая ініцыятыва маладых людзей: там ні слова пра іх дачыненне да нейкіх арганізацый. Аднак акцыя "Мы памятаем” — гэта ініцыятыва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. У адрозненне ад журналістаў дзяржканала пра гэта мы памятаем.    

Марына Ш.

На той жа мітынг прыйшла жанчына з расійскім сцяжком. У стрыме Еўрарадыё яна сказала, што такім чынам хацела падзякаваць Расіі і асабіста Пуціну за тое, што "падтрымаў нас у такі няпросты час". Крыху пазней жанчына паўдзельнічае ў перформансе "пастаў у жывым эфіры рожкі галоўнаму рэдактару Еўрарадыё".

Гледачы нашага стрыму пазналі ў ёй мінчанку Марыну Ш. Жанчына, паводле інфармацыі падпісчыкаў, працуе спецыялістам па мытным афармленні, а таксама мае адно хобі: сістэматычна ўдзельнічае ў масоўцы ў розных ток-шоу на беларускіх тэлеканалах і ў здымках серыялаў на "Беларусьфільме".

Журналіст Еўрарадыё звязаўся з жанчынай пад выглядам памочніка прадзюсара аднаго з дзяржканалаў. Наша легенда: шукаем масоўку для новага ток-шоу, а кантакт Марыны знайшлі ў базе іншага праекта.

— А як будзе называцца ваша перадача? — пытаецца Марына.

— "Жаночае меркаванне". Гэта будзе такое класічнае ток-шоу.

— А што там трэба будзе рабіць?

— Проста сядзець у глядацкай зале.

— Гэта добра. Я чаму пытаюся, я ж дасведчаная статыстка: прымала ўдзел у розных шоу. Праўда, ужо даўно на ТБ не мільгала. Апошні раз у Вадзіма Гігіна... як жа яно называлася…

— "Справа прынцыпу" [ток-шоу на АНТ было закрыта ў 2017 годзе. — Еўрарадыё].

— Так, так! Там я з'яўлялася вельмі часта.

Як высветлілася з размовы, у кадры жанчыны амаль не было. Каб даведацца, як яна выглядае, мы папрасілі яе даслаць "фота для анкеты".

І вось яно: Ш. здымалася ў эпізодзе "нейкага серыяла для "Беларусьфільма"". Дасведчаная статыстка ў дзелавым касцюме на фота вельмі нагадвае суразмоўцу Еўрарадыё са стрыму. Звярніце ўвагу на акуляры, якія Ш. трымае ў руцэ: светлая аправа і цёмныя дужкі. Такія ж акуляры носіць гераіня нашага эфіру.

Міхаіл 

Стрым 25 жніўня з Камароўкі падарыў нам шмат цікавых персанажаў. Адзін з іх — мужчына з Георгіеўскім сцягам, які сцвярджаў, што прыехаў з Францыі, каб "дапамагчы беларусам біць акупантаў — палякаў і габрэяў". Мужчына таксама агучыў версію, што Аляксандр Лукашэнка — напалову габрэй, але па бацькавай лініі, "таму ён сумленны чалавек, Бацька наш".

Слухачы Еўрарадыё пазналі ў змагары з палякамі і яўрэямі свайго суседа, якога завуць Міхаіл. Па іх словах, ён жыве ў Мінску на вуліцы Першамайскай, а гісторыя пра прыезд з Францыі — плён яго фантазіі.

Датэлефанавацца Міхаілу або застаць яго дома мы не змаглі. Затое бачылі яго 10 жніўня на "хрэсным ходзе", які наведалі ў асноўным пенсіянеры і ўдзельнікі арганізацыі "НОД-Белоруссия".

Вова

У самым канцы стрыму да галоўнага рэдактара Еўрарадыё падышоў ініцыятыўны мужчына з жаданнем выказацца на камеру. Аднак улавіць ход яго думак было цяжкавата.

Глядач нашага эфіру сцвярджае, што ведае гэтага хлопца. І вось што ён пра яго напісаў:

"Вось кажуць, што на нашы мітынгі адны наркаманы ходзяць, а тым часам на вашым стрыме з Камароўкі ў самым канцы я выявіў бяззубага хлопца. Гэта Вова, ён наркаман са стажам і [дыягназ], судзімы. Я з ім у камеры ў Жодзіне каля месяца правёў. Ён быў "страгачом" у камеры з "першаходамі". Так звычайна не падсаджваюць, але ён працаваў з аператыўнікам, глядзеў за "хатай" і вывуджваў з каго трэба інфармацыю".

Урач-нарколаг з Мінска на ўмовах ананімнасці падзяліўся з Еўрарадыё сваім меркаваннем наконт "Вовы": свайго пацыента ён у ім не пазнаў, але, са слоў спецыяліста,"відаць, што чалавек ужывае".

Аляксей Кулакоў

У адным з удзельнікаў мітынгу ў Мінску 10 верасня (на фота: мужчына з вялікім распяццем у руках) вядомы блогер Рустэм Адагамаў апазнаў расіяніна Аляксея Кулакова — удзельніка нападу на расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў 2017 годзе. Навальнаму тады плюхнулі зялёнкай у твар.

Кулакоў вядомы як удзельнік расійскай нацыяналістычнай групы "SERB". Упершыню яна праявіла сябе ва Украіне ў 2014 годзе, змагаючыся з Еўрамайданам, а потым перабралася ў Расію, дзе змагаецца з антыпуцінскай апазіцыяй.

Але гэты "дэанон", цалкам верагодна, здзейснены памылкова. На гэтым відэа мужчыну з распяццем прадстаўляюць як Сяргея. З іншай крыніцы нам стала вядома, што яго завуць Сяргей Каўрыгін, і ён жыве ў Мінску.
 

Антон Тарасаў

Пасля аналагічнай праўладнай акцыі 8 жніўня ў навінах на дзяржканале "Беларусь 1" выйшаў хвалебны (натуральна) рэпартаж. Адным з герояў сюжэта стаў мужчына з бародкай, які сказаў, што ўдзельнікі акцый пратэсту "маніпулююцца заходнімі каналамі, тэлеграмамі".

Героя рэпартажу здэанонілі. Ім аказаўся Антон Тарасаў, яшчэ адзін грамадзянін Расіі. Мужчына жыве ў Маскве, з'яўляецца чальцом КПРФ, спрабаваў стаць дэпутатам Масгардумы, вядзе влог на Youtube.

Эпічны стрым з праўладнай акцыі каля Камароўскага рынку, дзе мы і сустрэлі Іллю Вайну, Марыну Ш., Міхаіла, Вову

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.