Ва Ушацкім раёне сёння пахавалі сястру Васіля Быкава

Ва Ушацкім раёне сёння пахавалі сястру Васіля Быкава

У аўторак, 5 ліпеня, ва Ушацкім раёне пахавалі сястру Васіля Быкава Валянціну. Яна памерла напярэдадні ў віцебскай абласной бальніцы. Развітанне з сястрой Васіля Быкава адбылося ў яе роднай хаце ў вёсцы Ваўчо ва Ушацкім раёне. Паводле тастамэнту, жанчыну пахавалі каля мужа, які памёр шмат гадоў таму, інфармуе партал tut.by.

Пахаваннем займаліся мясцовыя ўлады, якія арганізавалі дастаўку цела, пахаванне і жалобны стол. Сацыяльныя службы прывялі ў парадак падворак і могілкі. Развітацца з цёткай прыехалі сыны Васіля Быкава — Васіль і Сяргей, сын яе малодшага брата, які з’яўляецца загадчыкам музея-сядзібы Васіля Быкава ў вёсцы Бычкі. Таксама прысутнічалі журналіст і грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка і ўдава Рыгора Барадуліна — Валянціна Барадуліна.

Як інфармавала Еўрарадыё, 27 траўня невядомы зламыснік напаў на Валянціну Быкаву ў яе хаце. У жанчыны была зламаная правая рука і тры рабра. Яна знаходзілася ва Ушацкай раённай бальніцы, пасля — у віцебскай абласной. Вядома, што нападнік уцёк і нічога не ўзяў з хаты. Па факце нападу на Валянціну Быкаву, сястру народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, распачыналі крымінальную справу.

Да свайго 90-годдзя Валянціна Быкава не дажыла чатыры дні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі