Урад Германіі не прызнае легітымнасці Лукашэнкі як кіраўніка дзяржавы

Зала пасяджэнняў урада ФРГ / AP​

ФРГ не прызнае легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта Беларусі, паведамляе ТАСС са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Кабінета міністраў ФРГ Штэфена Зайберта.

Разам з тым перамовы з Лукашэнкам неабходныя, каб аказаць гуманітарную дапамогу мігрантам, лічаць у Берліне. Са слоў прадстаўніка нямецкага ўрада, "ёсць сэнс гаварыць з тымі, хто ў Мінску мае магчымасць змяніць становішча, нават калі гаворка ідзе пра кіраўніка, легітымнасць якога Германія і астатнія еўрапейскія краіны не прызнаюць".

Зайберт растлумачыў, што канцлер Германіі Ангела Меркель правяла з Лукашэнкам размову па тэлефоне менавіта для таго, каб "знайсці гуманітарныя шляхі". У выніку ўцекачы пачалі атрымліваць першую дапамогу на месцы. Пры гэтым размова Меркель адбылася ў "цеснай каардынацыі" з Еўракамісіяй і важнымі партнёрамі ў рэгіёне.

Як паведамляла Еўрарадыё, Аляксандр Лукашэнка і Ангела Меркель пагаварылі па тэлефоне ўвечары 15 лістапада. У паведамленні канцылярыі канцлера адзначалася, што ўпор падчас размовы быў зроблены на неабходнасці гуманітарнай дапамогі мігрантам на мяжы. У прэс-рэлізе не называлася пасада Лукашэнкі, толькі "спадар" ("Herr").

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.