Уначы расіяне атакавалі Палтаўскую вобласць — 251-я раніца вайны

Расія выкарыстоўвае ў вайне з Украінай іранскія дронь / ілюстрацыйнае фота АР
Расія выкарыстоўвае ў вайне з Украінай іранскія дронь / ілюстрацыйнае фота АР

Сёння ўначы расіяне атакавалі пры дапамозе дронаў-камікадзэ Палтаўскую вобласць. Чатыры беспілотнікі ўпалі на грамадзянскія аб'екты, кажа кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Дзмітрый Лунін. Былі пажары, але пацярпелых папярэдне няма.

Учора, калі расійскія войскі зладзілі масіраваны абстрэл Украіны, у Палтаўскай вобласці спрацавала СПА. Але ў 10 рэгіёнах былі пашкоджаныя 18 аб'ектаў, большасць з якіх — энергетычныя.

Пры ўчорашняй атацы расіяне выкарыстоўвалі пераважна крылатыя ракеты (іх было выпушчана 55, і большасць украінскія вайскоўцы збілі). Але таксама  — адну кіраваную авіяцыйную і 22 зенітныя ракеты ад С-300. Плюс беспілотнікі. Пра гэта позна ўвечары напісаў у Telegram галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны. "Вытрымалі б іншыя краіны такі ціск? Не ведаю, як хто, але мы трымаемся, перагрупоўваемся, нарошчваем рэзервы, ўмацоўваем абарону і паступова вызваляем родную зямлю", — заявіў Залужны.

Са слоў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, Украіне ўчора ўдалося выратаваць большасць аб'ектаў, у якія цэліліся расіяне. Пра гэта ён казаў у традыцыйным вячэрнім відэазвароце. Зяленскі адзначыў, што Украіна будзе і надалей узмацняць супрацьпаветраную абарону, але ўжо цяпер "на кожныя дзесяць трапленняў тэрарыстам даводзіцца выдаткоўваць як мінімум у чатыры разы больш ракет". Яшчэ горшыя паказчыкі ў Расіі па дронам, дадаў ён.

Расійскія войскі апошнія два дні працягвалі наземныя атакі вакол Бахмута, пішуць экспэрты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны. Яны згадваюць звесткі з прарасійскіх крыніц аб тым, што "расійскія войскі дамагліся дадатковых поспехаў у раёне Аўдзееўка-Данецк". Але ў Інстытуце падкрэсліваюць, што не могуць праверыць гэтыя сцвярджэнні.

Расіяне, верагодна, працягваюць перакідваць войскі і ваенную маёмасць праз Днепр у чаканні прасоўвання Украіны да Херсона. Пра гэта таксама гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскіх экспертаў. Расіяне пачалі абсталяваць інжынерныя пазіцыі ў Белазёрцы (гэта 6 км на захад ад Херсона) і Чарнабаеўцы (1 км на поўнач ад Херсона).  "Чарнабаеўка з'яўляецца апошнім населеным пунктам ўздоўж трасы М14 на поўнач ад Херсона. Цяперашняя лінія фронту праходзіць менш чым у 20 км на паўночны захад ад Чарнабаеўкі, і актыўныя намаганні па ўмацаванні абароны тут паказваюць на непакой з нагоды немінучага ўкраінскага наступу", лічаць эксперты.

Ночью россияне атаковали Полтавскую область —  251-е утро войны
Карта баёў у раёне Херсона і Мікалаева 31 кастрычніка 2022 года / understandingwar.org

Еўракамісія (ЕК) разгледзіць тры варыянты прадастаўлення Украіне фінансавай падтрымкі да 18 мільярдаў еўра. Грошы будуць выдзелены ў наступным годзе. Пра гэта піша выданне Politico са спасылкай на дакументы, з якім пазнаёмілася. У ЕК мяркуюць, што дэфіцыт бюджэту Украіны ў 2023 годзе складзе 38-40 млрд даляраў ЗША. Камісія гатовая дапамагчы прафінансаваць прыкладна палову.

Найбольш аптымальны з варыянтаў дапамогі, піша выданне — гэта накіраваць ва Украіну розніцу паміж максімальнай сумай, якую можна прыцягнуць ад краін-удзельніц блока, і фактычнымі выдаткамі Еўрасаюза. Але з ім павінны пагадзіцца ўсе краін ЕС і Еўрапарламент. Акрамя таго, трэба будзе ўнесці змены ў нарматыўныя акты ЕС. Фінансавыя прадстаўнікі Еўрасаюза збяруцца абмеркаваць варыянты 3 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі