Улады Беларусі для затрымання палітактывіста задзейнічалі Інтэрпал

Валянцін Уласік (у белай масцы) у часе затрымання ў Венгрыі / Еўрарадыё
Валянцін Уласік (у белай масцы) у часе затрымання ў Венгрыі / Еўрарадыё

У ліпені 2021-га беларуса Валянціна Уласіка венгерскія праваахоўнікі высадзілі з цягніка і арыштавалі ў сувязі з тым, што мужчына знаходзіўся ў міжнародным вышуку. У спісе тых, каго вышукваюць, мужчына апынуўся праз запыт ад цяперашніх беларускіх уладаў.

— Мы з Польшчы разам з сябрамі паехалі адпачываць на мора. На мяжы з Венгрыяй нас спынілі, праверылі пашпарты, пасля чаго сказалі Валянціну: з рэчамі на выхад, — расказвае Еўрарадыё блізкая сяброўка Валянціна Уласіка Ірына. — На пытанне, у чым прычына затрымання, адказалі, што нібыта нейкія пытанні з аліментамі. Яго забралі да высвятлення абставінаў, і ў выніку ён апынуўся ў венгерскай турме.

Власти Беларуси для задержания политактивиста задействовали Интерпол
Валянцін Уласік / Еўрарадыё

Валянціну 37 гадоў. У Беларусі ён быў уладальнікам фірмы "Элементметалбуд", займаўся сеткавым маркетынгам, працаваў у таксі. У Польшчы мужчына апынуўся па гуманітарнай візе. На руках у сяброўкі ёсць заява ад былой жонкі Валянціна, у якой тая просіць не прыцягваць мужчыну да крымінальнай адказнасці, таму што запазычанасць па аліментах цалкам пагашаная яшчэ ў чэрвені 2020-га. Узнікае пытанне: на якой падставе беларускія ўлады шукаюць Уласіка?

— Я звязалася з цэнтрам салідарнасці ў Польшчы, там дапамаглі ў юрыдычных момантах. Склалі ліст да венгерскіх уладаў, — кажа Ірына.

У звароце ад Офіса Святланай Ціханоўскай, падпісаным адвакатам Сяргеем Зікрацкім, прычыну абвяшчэння мужчыны ў міжнародны вышук тлумачаць палітычнымі рэпрэсіямі. "Валянцін Уласік — беларускі грамадзянскі актывіст. Ён дапамагаў затрыманым, вызваленым са следчага ізалятара пасля мірных акцый пратэсту ў горадзе Мінску (бясплатны развоз па дамах і лякарнях, забеспячэнне пітной вадой) у жніўні 2020 года.

Беларуская міліцыя пагражала яму крымінальным пераследам, і ён уцёк з краіны. Для гэтага ён звярнуўся ў польскае консульства і атрымаў польскую гуманітарную візу. Але беларускія ўлады абвясцілі яго ў вышук нягледзячы на тое, што былая жонка не мае прэтэнзій па выплаце аліментаў, пра што Валянцін Уласік мае доказы ў выглядзе заявы, складзенай і падпісанай яго былой жонкай".

Власти Беларуси для задержания политактивиста задействовали Интерпол
Валянцін Уласік / Еўрарадыё

Па словах Ірыны, Польшча адразу была гатовая забраць Валянціна з венгерскай турмы, маўляў, палякі ставяцца з разуменнем і ведаюць, як дзейнічаюць беларускія ўлады.

— Але ў Венгрыі не спяшаюцца з рашэннем: пастаянна пераносяць суды, трымаюць у няведанні і не даюць звязацца з Валянцінам. Нават адвакату нялёгка выйсці з ім на кантакт. Беларускія ўлады працягваюць настойваць на яго экстрадыцыі, а венгры чакаюць рашэння суда. Чалавек проста так губляе гады свайго жыцця, знаходзячыся ў венгерскай турме ні за што, — дадае жанчына.

Акрамя звароту, падпісанага Офісам Ціханоўскай, за Уласіка паручыўся лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч: "У Рэспубліцы Беларусь пастаянна трапляюць пад рэпрэсіі дэмакратычныя сілы. Незаконныя арышты, штрафы, запалохванні, фабрыкацыя крымінальных спраў не толькі на актывістаў дэмакратычных поглядаў, але і тым, хто ўсяляк ім спрыяе і дапамагае іх прасоўванню і развіццю. Такім і ёсць Уласік Валянцін Іванавіч, які трапіў пад рэпрэсіўную машыну дзейнай улады".

Хакерская групоўка, якая супрацьстаіць беларускім уладам, нядаўна апублікавала аўдыязапісы, на якіх нібыта прадстаўнікі беларускіх сілавых структур абмяркоўваюць магчымасць выкарыстання рэсурсаў Інтэрпала для злову палітычных актывістаў, якія пакінулі Беларусь з меркаванняў асабістай бяспекі.

"Многія беларусы вымушаныя ратавацца ад пераследу рэжыму за мяжой. Але і там карнікі спрабуюць да іх дабрацца, выкарыстоўваючы каналы Інтэрпала.

Пасля ўзлому сервераў ДЗАВД МУС у нашых руках апынуліся запісы размоў, у якіх памагатыя рэжыму адкрыта гавораць пра выкарыстанне Інтэрпала для пераследу людзей за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, і цяпер яны даступныя ў новым расследаванні [арганізацыі экс-сілавікоў]", — сцвярджаюць хакеры.

Чарговы суд над Валянцінам Уласікам прызначаны на 2 снежня. Экстрадыцыя Валянціна ў Беларусь да гэтага часу застаецца пад пытаннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі