Улады абяцаюць не саджаць за эканамічныя правапарушэнні
ЦІП на вуліцы Акрэсціна ў Мінску / TUT.BY
Інвестарам абяцаюць, што першыя пяць гадоў падаткі для іх расці не будуць.
Беларускія ўлады зноў задумаліся аб прыцягненні інвестыцый. Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў заявіў, што трэба пераглядаць падставы, на якіх бізнес і прадпрымальнікі прыцягваюцца цяпер да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
"Меры па дадатковых гарантыях абароны правоў добрасумленнага бізнесу і інвестараў" будуць абмяркоўваць на Усебеларускім народным сходзе, расказаў ён.
"Прапануецца перагледзець падставы для прыцягнення эканамічных агентаў да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы. За эканамічныя правіны — толькі эканамічнае пакаранне", — цытуе міністра агенцтва БЕЛТА.
Акрамя таго, для інвестараў у дамове могуць прапісаць пункт аб непавелічэнні падаткаў на тэрмін да пяці гадоў.
"Яшчэ адна ініцыятыва — увесці прававы рэжым спецыяльных інвестдамоваў", — расказаў Чарвякоў. Па гэтай дамове дзяржава будзе гарантавана выкупляць на новых вытворчасцях частку прадукцыі.
Аналіз прыцягнення замежных інвестыцый у Беларусь паказвае, што большасць сродкаў (больш чым 2/3 ад усяго аб'ёму) — гэта пазыковыя інструменты і рэінвеставанне атрыманага прыбытку. Доля ж непасрэдных замежных інвестыцый у капітал беларускіх прадпрыемстваў складае ўсяго 3,5%, падлічвала восенню мінулага года "Эканамічная газета".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.