"Улада шукае лаяльных і спартыўных". Ваенны эксперт — пра тэрытарыяльную абарону

Тэрытарыяльная абарона ў Беларусі / БЕЛТА
Тэрытарыяльная абарона ў Беларусі / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра стварэнне тэрытарыяльнай самаабароны. Для чаго і каго туды могуць набраць? Ці справакуе новая арганізацыя пачатак грамадзянскай вайны? Якіх яшчэ ворагаў знойдзе сабе ўлада? На гэтыя і іншыя пытанні ў стрыме Еўрарадыё дае адказы ваенны эксперт Ягор Лебядок.

Чаму ўлада занялася тэрытарыяльнай самаабаронай?

— Ідзе праверка сістэмы на маштабаванне масавых выхадаў людзей. Яны ўсё выдатна разумеюць і рыхтуюцца. АМАП і войскі ў Мінску адпрацавалі. Улада разлічвае на выхады ў рэгіёнах. У нас ёсць горадаўтваральныя прадпрыемствы: лягуць яны — трэба нешта рабіць з цэлымі гарадамі.

Гэта не Мінск, дзе людзі ўжо прывыклі. Гэта пойдзе па рэгіёнах. Трэба разлічваць сілы, што можна супрацьпаставіць: як прадпрыемствы задушыць, як сфармаваць дружыны. Цяпер пралічваюць, наколькі сістэма будзе ўстойлівая і якога маштабу масавыя выступленні грамадзян.

Ці знойдуцца кадры ў тэрытарыяльную самаабарону?

— Цяпер улады займаюцца пытаннем: колькі людзей, гатовых і лаяльных, яны могуць набраць у органы тэрытарыяльнай самаабароны. Яна ёсць ва ўсіх краінах вакол нас. Гэта вельмі добры сродак як інструмент гарантавання ваеннай бяспекі. Цяпер ім перадаюць функцыі ўнутраных войскаў і распаўсюджваюць гарантыі як у вайскоўцаў: абарона асобы вайскоўцаў і іх сем'яў.

Але заўсёды трэба падзяляць інструмент і тое, як ім карыстацца. Раней была "грамадская згода і стабільнасць", цяпер — "грамадзянскі мір і згода". Не ведаю, як гэтага дасягаць Узброенымі сіламі.

Адбор кадраў — вялікая праблема. Гэта павінны быць спартыўныя хлопцы, якія будуць прымяняць фізічную сілу. Набраць такіх — праблема не толькі па ідэалагічных матывах, а чыста па фізічных.

Ці пачне сусед біць суседа, калі пачнуцца народныя хваляванні?

— Такое цалкам можа быць: у нас жа адборныя кадры, "воіны Алаха". Але гэта калі прыязджае ў абстрактны горад умоўны АМАП, і мясцовая міліцыя часам сама незадаволеная іх дзеяннямі.

Вядома, тэрытарыяльную абарону адзенуць у балаклавы, паспрабуюць паставіць, каб не перасякаліся. Але зразумець, хто гэта, можна хутка ў маленькім горадзе. Фактычна гэта фактар, які стымулюе пачатак грамадзянскай вайны, як мінімум — абвастрае палітычнае супрацьстаянне: маўляў, палітыка Лукашэнкі прывяла да таго, што сусед настаўляе на мяне аўтамат. Ці наадварот: падступны Захад апрацаваў кума, ён цяпер такое вяшчае, што яго трэба застрэліць. Выдаць зброю — такі фактар.

Але цяпер бяруць не ўсіх, ідзе праверка. Ва Узброеных сілах ідуць чысткі, дайшло да тэрытарыяльнай абароны. Праверка, колькі людзей можна выціснуць і супрацьпаставіць падступнаму Захаду. Пад гэта рыхтуюць мясцовыя адміністрацыі, функцыянаванне сістэм апавяшчэння, сувязі і матэрыяльных рэсурсаў.

У адрозненне ад звычайных войскаў, запаснікі, якія камплектуюць тэрытарыяльныя войскі, адбіраюцца яшчэ і выканкамам: павінны быць свае — самі разумееце, па якой прыкмеце.

З якімі новымі ўнутранымі ворагамі можа пачаць змагацца ўлада?

— Трохі пачалі змагацца са "здраднікамі": саджаюць былых міліцыянераў на суткі, падаўжаючы іх перыядычна; указам пазбавілі званняў. Можа быць яшчэ якая-небудзь паказальная справа. Нават не справа, а ўздзеянне: пазбаўленне ўласнасці і ў такім духу. Вярнуць ільготны крэдыт, напрыклад. Каб яшчэ больш запалохаць сваіх і пераканаць не быць "здраднікам".

Але больш імавернае непасрэднае ўздзеянне на "ворага" на Захадзе. Цяпер можа быць уздзеянне на грамадзян і ўласнасць ЕС: захоп дыпламата, які нібыта фінансаваў пратэсты. Або на замежным прадпрыемстве, якое хоча пакінуць Беларусь, увесці дзяржаўнае кіраванне. Не нацыяналізаваць, каб не вяртаць грошы. А дзяржкіраванне, як з Белгазпрамбанкам. Пасадзіць дырэктара або яго намесніка і заявіць, што праз фірму праходзіла фінансаванне беспарадкаў.

Поўны запіс эфіру з Ягорам Лебядком глядзіце ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі