Вы тут

Украіна паабяцала Лукашэнку адказ "па поўнай праграме"

Дзмітрый Кулеба / kmu.gov.ua

Украінскі міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба пракаментаваў намер Аляксандра Лукашэнкі прыехаць у Крым. "Я думаю, што няма сэнсу ацэньваць кожную праяву патоку свядомасці, якую рэгулярна ажыццяўляе на розных медыйных платформах Аляксандр Лукашэнка, цытуе словы Кулебы ukrinform.ua. — Мы будзем ацэньваць яго дзеянні".

Украінскі міністр папярэджвае, што калі ўлады Беларусі "сапраўды прызнаюць незаконную акупацыю Крыма Расіяй, гэта нанясе непапраўны ўдар па ўкраінска-беларускіх дачыненнях". "Мы будзем дзейнічаць па поўнай праграме, — працягвае Дзмітрый Кулеба. — Крым — гэта не тое пытанне, дзе мы дазваляем сабе стрыманасць".

Такім чынам, пацвярджаецца меркаванне шэрагу беларускіх аналітыкаў, што Кіеў зрэагуе не на словы Лукашэнкі, а на яго прыезд у Крым, калі такі адбудзецца. Пра свой намер яго наведаць Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. Лукашэнка падкрэсліў, што яго паездка ў Крым будзе азначаць яго канчатковае прызнанне "расійскай тэрыторыяй". Улады Украіны дазваляюць сабе "стрыманасць", паколькі эканамічныя дачыненні з Беларуссю для іх важныя — з нашай краіны паступае дызпаліва, бітум, электраэнергія і г. д.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.