Вы тут

Украіна атрымала бясплатна амаль 3 мільёны доз вакцыны Moderna

Вакцыны ў краіну даставіў дзіцячы фонд ААН / Getty Images

Украіна атрымала ў нядзелю 2 930 300 доз вакцыны ад COVID-19 вытворчасці кампаніі Moderna, паведамляе Мінздраў краіны.

Вакцына паступіла ва Украіну бясплатна ў рамках COVAX — ініцыятывы салідарнасці міжнароднай супольнасці. Прэпарат у краіну даставіў дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Moderna з'яўляецца чацвёртай вакцынай, якая даступная ўкраінцам для прышчэпкі ад каранавіруса.

Па дадзеных Мінздрава, адну дозу вакцыны ад COVID-19 атрымалі прынамсі 11 мільёнаў украінцаў.

Як паведамляла Еўрарадыё, з 1 лістапада ў Кіеве ўведзеныя строгія каранцінныя абмежаванні. Усе сталічныя ўстановы грамадскага харчавання, гандлёва-забаўляльныя цэнтры, атэлі, спартзалы і ўстановы сацыяльнай сферы дазволена наведваць толькі тым грамадзянам, якія маюць сертыфікат аб вакцынацыі або адмоўны ПЦР-тэст. Пры гэтым без такога сертыфіката ці цеста нельга карыстацца грамадскім транспартам у Кіеве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.