Вы тут

Кіеў узмацняе каранцін з 1 лістапада

Мэр Кіева Віталь Клічко / kyivcity.gov.ua​

У Кіеве з 1 лістапада ўводзяцца строгія каранцінныя абмежаванні праз імклівае распаўсюджванне каранавіруса. Пра гэта паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко на брыфінгу ў чацвер.

Гарадскія ўлады будуць звяртацца да ўраду з просьбай узмацніць каранцін, бо Кіеў па шэрагу крытэраў ужо дасягнуў паказчыкаў "чырвонай" зоны.

З пачатку новага месяца ўсе сталічныя ўстановы грамадскага харчавання, гандлёва-забаўляльныя цэнтры, гатэлі, спартзалы і ўстановы сацыяльнай сферы дазволена будзе наведваць толькі тым грамадзянам, якія маюць сертыфікат аб вакцынацыі або адмоўны ПЦР-тэст.

Пры гэтым без такога сертыфіката або тэста нельга будзе карыстацца грамадскім транспартам у Кіеве. 

"Грамадскі транспарт закрываць мы не збіраемся. Ён будзе працаваць, але ездзіць у ім павінныя будуць пасажыры,у якіх ёсць сертыфікат аб вакцынацыі або адмоўны ПЦР-тэст. Правяраць дакументы будуць не пры ўваходзе ў транспарт, а выбарачна спецыяльныя групы праваахоўнікаў", — удакладніў Клічко.

Акрамя таго, усе школы горада з 1 лістапада пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне, садкі змогуць працаваць толькі пры ўмове вакцынацыі 100% персаналу. У такім рэжыме адукацыйныя ўстановы будуць працаваць да паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі ў Кіеве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.