Украіна аднаўляецца пасля масіраванага ракетнага ўдару РФ — 380-я раніца вайны

У выніку ракетнага абстрэлу 9 сакавіка ва Украіне загінулі 6 чалавек / @dsns_telegram
У выніку ракетнага абстрэлу 9 сакавіка ва Украіне загінулі 6 чалавек / @dsns_telegram

Масіраваны ракетны ўдар па Украіне, які Расія зладзіла ў чацвер, быў разлічаны на  расійскую дзяржаўную прапаганду, лічаць у Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Агулам Расія запусціла 84 ракеты (34 былі збітыя, яшчэ 8 — не дасягнулі сваіх мэтаў). Але расіяне выкарыстоўвалі і такія ракеты, якія ўкраінскія сілы не мелі магчымасці збіць ("Кінжал" і "С-300"). У ISW мяркуюць, што Крэмль наўмысна запусціў гэтыя ракеты, нягледзячы на іх дэфіцыт.

"Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, імаверна, выкарыстаў гэтыя дэфіцытныя ракеты ў бясплённых атаках, каб супакоіць расійскія праваенныя і ультранацыяналістычныя супольнасці, якія ў пераважнай большасці заклікалі яго прыняць захады ў адказ за інцыдэнт у Бранскай вобласці 2 сакавіка", — адзначаюць экспэрты. Але выніку, паводле іх ацэнкі, гэта не прынесла. Расійскія блогеры патрабуюць ад Крамля агулам змяніць свой падыход да нанясення ўдараў — асабліва з улікам таго, што Украіна адаптавалася да такіх нападаў на сваю энэргетычную інфраструктуру.

Ва Украіне кажуць, што складаней за ўсё з энергазабеспячэннем пасля гэтай атакі ў Жытомірскай і Харкаўскай абласцях. У Жытомірскай вобласці былі пашкоджаныя аб'екты, нядаўна адрамантаваныя пасля папярэдніх нападаў. І аднаўленне энергазабеспячэння можа доўжыцца тут да двух тыдняў. У Харкаўскай вобласці сітуацыю з энергазабеспячэннем абяцаюць стабілізаваць на працягу некалькіх дзён.

Украина оправляется после массированного ракетного удара РФ — 380-е утро войны
Наступствы ракетнага абстрэлу / @dsns_telegram

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце заявіў, што рамонтнікі будуць працаваць, колькі трэба для таго, каб аднавіць падачу электраэнергіі. "Чарговая спроба дзяржавы-тэрарыста ваяваць супраць цывілізаванасці прывяла да часовых адключэнняў электрычнасці, цяпла, вады ў некаторых нашых рэгіёнах і гарадах", — пракаментаваў масіраваны абстрэл Зяленскі.

Акрамя Харкава і Жытомірскай вобласці, праблемы з энергазабеспячэннем ёсць у Адэсе, у Днепрапятроўскай вобласці, у Кіеве і Запарожжы.

"Рамонтныя брыгады, энэргетыкі, мясцовая ўлада, цэнтральная ўлада — усе будуць працаваць столькі, колькі трэба, каб аднавіць падачу энэргіі гарадам і раёнам, дзе цяпер праблемы", — паабяцаў Зяленскі. Ён таксама нагадаў, што ў выніку гэтага ўдару ад энергасеткі зноў была адключана Запарожская атамная электрастанцыя. І гэта крытычная сітуацыя. У гэтай сувязі ўкраінскі прэзідэнт адзначыў: "Чым хутчэй расійская атамная галіна апынецца пад санкцыямі, тым бяспечней будзе свету".

Да сітуацыі на фронце. У Данецкай вобласці "расійскія войскі, імаверна, прасунуліся на паўночны захад ад Бахмута", адзначаюць у ISW. Эксперты спасылаюцца на заяву фінансіста групы "Вагнер" Яўгена Прыгожына, які сцвярджае, што яго байцы цалкам захапілі Дубава-Васільеўку (у 6 км на паўночны захад ад Бахмута). Адзначым, што у ранішняй зводцы Генштаба УСУ гаворыцца, што ўкраінскія вайскоўцы адбілі атаку ля Дубова-Васільеўкі.

Ва Усходнім Бахмуте наступальная аперацыя групы "Вагнер", падобна, "уступіла ў часовую тактычную паўзу, і застаецца незразумелым, ці захаваюць байцы "Вагнера" сваю аператыўную перавагу ў будучых расійскіх наступленнях у горадзе", адзначаюць эксперты Інстытута вывучэння вайны. Яны таксама лічаць, што расійскія войскі, магчыма, рыхтуюцца аднавіць наступальныя аперацыі вакол Угледара, "хоць пастаянныя праблемы з персаналам і боепрыпасамі, верагодна, будуць стрымліваць прасоўванне расійскіх войскаў".

У Генштабе УСУ пацвярджаюць, што "праціўнік не пакідае спробаў акружыць горад Бахмут". А таксама вядзе наступальныя дзеянні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі на гэтых кірунках 102 атакі, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба.

Украина оправляется после массированного ракетного удара РФ — 380-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Колькасць украінцаў, якія выступаюць за мірныя перамовы з Расіяй, расце, заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў. І гэта небяспечная тэндэнцыя, якая распаўсюджваецца нават на заходнія рэгіёны Украіны, кажа ён.

"Майце на ўвазе, такіх (выступоўцаў за перамовы з РФ) становіцца ўсё больш і больш. Гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя, калі людзі нават з Заходняй Украіны пачынаюць пра такія рэчы казаць", цытуе Данілава УНІАН.

Тым часам амерыканскі тэлеканал CNN распавядае падрабязнасці перамоваў аб спыненні аблогі металургічнага камбіната "Азоўсталь" у Марыупалі. Было некалькі сустрэч. З украінскага боку перамовы вёў народны дэпутат Аляксандр Кавалёў. Пры гэтым аперацыяй кіраваў кіраўнік ГУР украінскага Мінабароны Кірыл Буданаў. Першая асабістая сустрэча адбылася ў красавіку — падчас паездкі Кавалёва ў Марыупаль. Адным з удзельнікаў гэтай сустрэчы быў генерал-лейтэнантам 8-й гвардзейскай агульнавайсковай арміі Паўднёвай ваеннай акругі РФ Андрэй Сычоў, які адказваў за штурм Марыупаля.

Расіян тады ўгаварылі выпусціць грамадзянскіх. У выніку ў пачатку траўня, ААН і Чырвоны Крыж эвакуявалі сотні грамадзянскіх з "Азоўсталі" і іншых раёнаў Марыупаля, адзначае CNN. На адной з сустрэч з расійскімі генераламі 16 траўня прысутнічаў і камандзір батальёна "Азоў" падпалкоўнік Дзяніс Пракапенка. Пасля той сустрэчы з завода выйшлі і вайскоўцы. Пазней яны вярнуліся ва Украіну — у выніку абмену ваеннапалоннымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі