У ЗША абаронцы жывёл трапілі пад арышт за вандалізм

Двое абаронцаў жывёл, якія выпусцілі на волю 5747 норак падчас паездкі па ЗША ў 2013 годзе, арыштаваныя ў пятніцу.
Аднак праваахоўнікі маюць да іх прэтэнзіі з іншай нагоды. Дзеянні зоаактывістаў кваліфікуюць як наўмыснае нанясенне шкоды прадстаўнікам футравай індустрыі. 31-гадовы Джозэф Браен Бадэнберг і 28-гадовая Ніколь Хуаніта Кісанэ таксама рэзалі шыны на аўтамабілях бізнэсменаў, білі ім вокны, залівалі клей у замкі дзвярэй у дамах і ўчынялі іншыя акты вандалізму. Таксама ад іх дзеянняў пацярпелі пастаўшчыкі мяса.
 
Цяпер Бадэнберга і Кісанэ афіцыйна абвінавацілі ў тэрарызаванні індустрыі па вытворчасці футра. Памер нанесенай шкоды ацэньваюць у некалькі тысяч долараў.

Актывісты доўгі час не трапляліся ў рукі паліцыі, бо не карысталіся мабільнымі тэлефонамі і інтэрнэтам, а расплачваліся толькі наяўнымі. Пры гэтым пра кожную сваю акцыю яны пісалі справаздачы, якія пазней друкаваліся на радыкальных зоаабарончых сайтах.

Паводле рашэння суда, зламыснікі пакуль выпушчаныя пад заклад і знаходзяцца пад электронным кантролем. Ім забаронена пакідаць межы свайго штата, піша mercurynews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі