У Вілейцы п'яны кіроўца на Renault Scenic перакрыў рух грузавому цягніку
![У Вілейцы п'яны кіроўца на Renault Scenic перакрыў рух грузавому цягніку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/vi01.jpg.webp?itok=8YlLcS5e)
У Вілейцы п'яны кіроўца на Renault Scenic перакрыў рух грузавому цягніку. Легкавік удалося прыбраць з чыгункі толькі праз 40 хвілін. Пра гэтае здарэнне, якое адбылося позна ўвечары, піша газета "Шлях перамогі". 40-гадовы вадзіцель Renault Scenic на чыгуначным пераездзе не саўладаў з кіраваннем, у выніку аўтамабіль спыніўся на рэйках і не мог зрушыцца з месца. Дзяжурная па пераездзе падала сігнал лакаматыўным брыгадам пра перашкоду на чыгунцы. Рух часова спыніўся.
На месца прыехалі супрацоўнікі ДАІ. Яны высветлілі, што кіроўца быў у гасцях і вяртаўся дахаты ў стане алкагольнага ап'янення (0,48 праміле). Для таго, каб прыбраць легкавік з чыгункі, давялося выклікаць спецтэхніку. Цяпер аўтамабіль на штрафстаянцы. Кіроўцу пагражае штраф і пазбаўленне правоў на тры гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.