У Варшаве падтрымалі палітвязня Мікалая Аўтуховіча (фота)

Акцыя была прымеркаваная да дня нараджэння Аўтуховіча. Якраз 7 студзеня яму споўніўся 51 год.



Перад прысутнымі выступіў старшыня руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык. Ён адзначыў, што зараз, за некалькі месяцаў да вызвалення Аўтуховіча, у турме на яго павялічыўся ціск. Словы падтрымкі пікетоўцам таксама выказаў малады ўкраінец, які праходзіў каля акцыі і вырашыў узяць у ёй удзел.



Мікалай Аўтуховіч — беларускі прадпрымальнік, палітычны актывіст, палітвязень. Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў. Тады яго асудзілі на тры з паловай года. Ён быў адным з шасці палітвязняў, вызваленых у выніку санкцый ЗША і Еўрасаюза.



Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. За перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд прызнаў яго вінаватым у незаконных дзеяннях з боепрыпасамі і прысудзіў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.



Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязнем, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Выйсці на волю ён павінен сёлета ў красавіку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі