У Мінску закрыюць вуліцу Сухую з-за будаўніцтва метро

У Мінску ў сувязі з будаўніцтвам станцыі метро “Юбілейная плошчы” закрываюць рух усіх відаў транспарту па вуліцы Сухой. Пра гэта заявіў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме начальнік дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна Павел Царун.

Паводле яго інфармацыі, цяпер вядуцца працы па перакладванні інжынерных сетак на тэрыторыі будучай станцыі метро “Юбілейная плошча”. Каб завершыць гэтыя працы, з 17 ліпеня рух на вуліцы Сухой цалкам перакрываецца. Тут будуць узводзіць станцыйны комплекс і злучальны тунель да станцыі метро “Фрунзенская”.

Апроч таго, падрыхтаваны праект рашэння аб закрыцці руху ўсіх відаў транспарту з 11 па 13 ліпеня па вуліцы К.Цеткін на ўчастку ад плошчы Багушэвіча да вуліцы Кальварыйскай. Тут будуць пракладваць каля 100 метраў ліўневай і 40 метраў гаспадарча-бытавой каналізацыі. З 6 па 14 ліпеня будзе закрыты праезд да дамоў №№18, 20 па вуліцы Сухой у сувязі з правядзеннем працаў па перакладцы газаправода.

У 2015 годзе на будаўніцтва аб’ектаў першага ўчастка трэцяй лініі метро выдзелена амаль 970 мільярдаў рублёў, адкрытая крэдытная лінія на 500 мільярдаў. У першую чаргу будаўніцтва ўваходзяць станцыі “Кавальская Слабада”, “Вакзальная”, “Юбілейная плошча”, “Плошча Багушэвіча”. Плануецца, што яны адкрыюцца ў 2018-2019 гадах, паведамляе БЕЛТА.

Фота: minsk-old-new.com