У Мінску рэзка ўзрасла колькасць выяўленых выпадкаў ВІЧ

За першыя сем месяцаў бягучага года ў Мінску зарэгістравана 460 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі — гэта болей, чым за ўвесь 2014 год, калі было выяўлена 387 інфікаваных. Паказнік колькасць захворвання на сёння складае 21,9 выпадка на 100 тысяч насельніцтва, інфармуе БелаПАН са спасылкай на сталічны гарадскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

На 1 жніўня ў горадзе жыло 2 663 чалавекі з ВІЧ-станоўчым статусам. Сярод выяўленых сёлета інфікаваных 75% — гэта наркаманы, якія карыстаюцца нестэрыльнымі шпрыцамі. На долю палавога шляху перадачы інфекцыі прыпадае 20,4% выпадкаў, вертыкальнай перадачы ВІЧ ад маці да дзіця — 0,7%.  

Як адзначаюць спецыялісты, калі ВІЧ-станоўчая маці падчас цяжарнасці выконвае ўсе рэкамендацыі медыкаў і прымае антырэтравірусныя прэпараты, яна мае 98% шансаў нарадзіць здаровае дзіця.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі