У 5-й бальніцы Мінска пракаментавалі выпадак з выкідышам у палаце

Радзільня 5-й клінікі ў Мінску 

Радзільня 5-й клінікі ў Мінску  / t.me/gkb_5

У 5-й бальніцы Мінска пракаментавалі выпадак з выкідышам у палаце. Гэты выпадак атрымаў настолькі шырокі рэзананс у сацсетках, што Камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама прызначыў туды праверку.

У каментары бальніцы падкрэсліваецца, што ў двухмеснай палаце былі дзве пацыенткі, якія паступілі на планавае лячэнне, а не на захаванне цяжарнасці. У адной з іх рэзка пагоршаў стан здароўя.

"Сітуацыя развівалася імкліва, таму лекар і медсястра прыбеглі ў палату і аказалі дапамогу проста на месцы.
Псіхалагічная падтрымка: пацыентцы як да, так і пасля таго, што здарылася, лекары прапаноўвалі дапамогу кваліфікаванага псіхатэрапеўта.
Вынік: дактары і медсёстры аператыўна справіліся са сваёй галоўнай задачай — выратавалі здароўе чалавека. Жанчына ўжо напісала шчырую падзяку лекару бальніцы", — заяўляюць у клініцы.

Таксама адміністрацыя клінікі заявіла, што "публікацыя падрабязнасцяў чужой бяды ў сацсетках без згоды самой пацыенткі — гэта парушэнне яе права на асабістае жыццё". Варта дадаць: публікацыя, якая выклікала розгалас, не змяшчала аніякіх даных жанчыны акрамя таго, што яна была на 22-м тыдні цяжарнасці.

Нагадаем, што карыстальніца сацсеткі Threads расказала, як у яе суседкі па палаце пачаліся патугі. Работнікі лякарні сказалі дзяўчыне: "Бяры пялюшку і нараджай у палаце ў ложку". Потым, па словах дзяўчыны, ім прапанавалі самім прыбраць у палаце, бо санітарак няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.