Вы тут

У Мінску расійскага пасла назвалі "падаючым надзеі бухгалтарам"

Міхаіл Бабіч / ria.ru

Міністэрства замежных спраў Беларусі адрэагавала на вялікае інтэрв'ю пасла Расіі Міхаіла Бабіча ria.ru. Якраз карэспандэнт гэтага інфармагенцтва папрасіў начальніка ўпраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі Анатоля Глаза пракаментаваць выказванні Бабіча. Адказ Глаза варта прывесці цалкам.

"Шчыра кажучы, не заўсёды хапае часу на тое, каб чытаць усе інтэрв'ю Міхаіла Бабіча, — кажа Глаз. — Балазе ўсе яны падобныя і ментарская лінія развагі не моцна мяняецца. Таму, не ўчытваючыся, магу дакладна сказаць, што адносіны паміж нашымі краінамі і народамі [Беларусі і Расіі] значна больш глыбокія і ўсёабдымныя, чым штучны, падтасаваны набор лічбаў, за якія рэгулярна хапаецца расійскі дыпламат. Але гэта яго права вызначаць для сябе планку, якая ператварае яго ў рахункавода альбо падаючага надзеі бухгалтара".

У інтэрв'ю Міхаіл Бабіч прыводзіў шмат лічбаў. Між іншым, ён звярнуў увагу, што павелічэнне росту беларускага экспарту ў краіны ЕС без нафтапрадуктаў, вырабленых з расійскай нафты, і расійскага вугалю, не такое істотнае. "Але для прыгажосці рахунка можна пакінуць усё, як ёсць, — казаў Бабіч. — Мы без усялякай іроніі радыя любым поспехам нашых сяброў".

"Хацелася б парэкамендаваць больш часу прысвяціць таму, каб паглыбіцца ў спецыфіку краіны знаходжання, пазнаёміцца ​​з яе гісторыяй і праявіць крыху павагі, — кажа прадстаўнік МЗС Беларусі. — Часам такі стыль работы дае значна большы вынік, чым апрабаванне на сабе зусім нехарактэрнай для сур'ёзнай расійскай дыпламатычнай школы ролі адэпта "публічнай дыпламатыі".

Міхаіл Бабіч, былы дэсантнік і спецслужбіст, а пасля федэральны чыноўнік, быў прызначаны на пасаду пасла ў Беларусі ў жніўні 2018 года. Такім чынам, у нашай краіне ён знаходзіцца ўжо больш за паўгода.

"На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розніцы паміж федэральнай акругай і незалежнай дзяржавай, — кажа Анатоль Глаз. — Думаю, у бліжэйшы час нашым партнёрам будуць дадзены дэталёвыя адказы на заявы спадара пасла".

Больш важных падзей тыдня ў выніковай праграме ЕЎРАЗУМ: