Пуцін — Бабічу: Беларусь — гэта не толькі краіна

24 жніўня Уладзімір Пуцін сустрэўся ў Маскве з новапрызначаным паслом Расіі ў Беларусі Міхаілам Бабічам. Падчас размовы расійскі прэзідэнт адзначыў важнасць узаемадзеяння "з галоўным саюзнікам, партнёрам". "Гэта не толькі краіна, з якой мы мяжуем, гэта краіна, найперш, з якой нас звязваюць асаблівыя дачыненні: і гістарычныя, і этнічныя, і моўныя, і эканамічныя", — цытуе словы Пуціна прэс-служба прэзідэнта Расіі.

Таксама Уладзімір Пуцін надаў пра "зусім асаблівы фармат", пра саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі. "Накірункаў дзейнасці вельмі шмат... Вы будзеце займацца не толькі дыпламатычнай працай, але і працай у сферы эканомікі, прадстаўляючы інтарэсы Расіі як спецпрадстаўнік", — сказаў прэзідэнт РФ. Ён паабяцаў, што будзе сустракацца з Бабічам рэгулярна і спадзяецца, што новы пасол будзе "самым пазітыўным і самым актыўным чынам" уплываць на ўсе працэсы ў міждзяржаўных дачыненнях.

Міхаіл Бабіч, дарэчы, у сваёй прамове называў нашу краіну "Белоруссия" і "Рэспубліка Беларусь". Пуцін жа згадваў толькі "Белоруссию", а ў яго ўказе пазначана "Республика Белоруссия".

Бабіч падкрэсліў, што Беларусь — найважнейшы геапалітычны і вайсковы саюзнік Расіі, найбуйнейшы эканамічны партнёр, а яе народ "з'яўляецца брацкім народам для расіян". Ён збіраецца "павысіць эфектыўнасць" працы ў беларуска-расійскіх дачыненнях.

"Маштаб пастаўленых задач разумею, усведамляю сваю асабістую адказнасць і зраблю ўсё, каб апраўдаць Ваш давер", — сказаў Міхаіл Бабіч Уладзіміру Пуціну.