У Мінску п'яны падлетак на хаду выскачыў з "БМВ" (відэа)

У Мінску супрацоўнікі ДАІ затрымалі п'янага падлетка. Уначы 27 траўня ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Радужнай кампанія маладых людзей распівала спіртныя напоі. Хтосьці з жыхароў патэлефанаваў у міліцыю. Калі пад'ехалі ДАІшнікі, з двара выязджаў аўтамабіль "БМВ", яго кіроўца праігнараваў патрабаванне спыніцца. Пачалася пагоня.

Як інфармуе агенцтва "Мінск-навіны", кіроўца "БМВ" спачатку спрабаваў адарвацца ад супрацоўнікаў ДАІ. Калі гэта не ўдалося, ён у раёне вуліцы Лесі Украінкі на хаду выскачыў з машыны. За ім гэта зрабілі і двое пасажыраў. Машына працягвала ехаць і сутыкнулася з прыпаркаванымі "Сітраенам" і "Пежо".

Уцячы ад ДАІшнікаў зламыснікам не ўдалося, іх затрымалі. Кіроўцам аказаўся 16-гадовы хлопец, у такім жа ўзросце і яго пасажыры. Кіроўца быў п'яны. У яго адносінах склалі чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. У камісію па справах непаўналетніх дашлюць дакументы пра гэтае здарэнне.

Фота, відэа: minsknews.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі