Вы тут

Гурт Dzieciuki залічылі ў экстрэмісты і не дазволілі ўжо другі канцэрт у Мінску

Гродзенскі гурт Dzieciuki, верагодна, трапіў пад негалосную забарону. Апошні выступ калектыву ў Мінску адбыўся ў межах музычнай прэміі Еўрарадыё "Даём рады" 27 лютага. Пасля гэтага ўсе спробы арганізаваць канцэрт гурта былі безвыніковымі. Гродзенскія панкі збіраліся прэзентаваць новы альбом "Рэха" у сталічным клубе Re:Public 14 траўня, аднак Мінгарвыканкам не выдаў дазвол на мерапрыемства.

Тое самае здарылася і з выступам гурта ў клубе Beer&Wine 15 траўня, які меў адбыцца ў межах фэсту "Дзень дуды". Старшыня галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама Павел Скалабан не каментуе, чаму “Дзецюкі” не могуць выступіць у Мінску, і кажа, што ўсё патлумачана ў лісце арганізатарам:

"Мы ўсё патлумачылі ў дакуменце. Дзе ўзяць дакумент? Не ведаю, мы даслалі яго заяўнікам".

Выступ гурта на "Даём рады-2016"

Арганізатары канцэртаў таксама адмаўляюцца каментаваць сітуацыю. Па інфармацыі крыніцы Еўрарадыё з Мінгарвыканкама, у адказе ідэолагаў гаворыцца пра тое, што дзейнасць “Дзецюкоў” трапляе пад пункт 5 главы 2 "Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў”, зацверджанага Указам прэзідэнта. Пад гэтым пунктам у дакуменце гаворыцца наступнае:

“Забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў:

якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці;

якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян;

з парушэннем патрабаванняў дадзенага Палажэння і іншых актаў заканадаўства, у тым ліку ў сферы аўтарскага права і сумежных правоў”.

 

Сам гурт цяпер гастралюе па Польшчы і Украіне. Да сітуацыі з мінскімі канцэртамі музыкі ставяцца па-філасофску:

"То забараняюць, то дазваляюць. Будзем працягваць займацца асветніцтвам і творчасцю!"

Dzieciuki — гродзенскі фолк-панк-гурт, заснаваны ў 2012 годзе. У дыскаграфіі мае два поўнафарматныя альбомы "Гарадзенскі гармідар" і "Рэха".