Вы тут

Канцэрт гурта Dzieciuki дазволілі ў Віцебску

Канцэрт гурта Dzieciuki дазволілі ў Віцебску. Гастрольнае пасведчанне на выступ гарадзенцаў атрымаў мясцовы арганізатар Уладзімір Булаўскі, пра гэтае ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.

“Пакуль не думаю, што варта агучваць нейкія падрабязнасці, — каментуе навіну для Еўрарадыё Уладзімір. — Магу сказаць, што гэта будзе сольны выступ ў віцебскім Torvald Art-Pub. Дакладную дату таксама пакуль называць не буду, але гэта будзе ўвесну. Усе падрабязнасці агучу крыху пазней”.

Нагадаем, апошні год гурту Dzieciuki адмаўлялі ў гастрольных пасведчаннях. Асноўнай прычынай забароны на выступ чыноўнікі называлі “экстрэмізм”. На ўсе просьбы патлумачыць, што з дзейнасці гурта падпадае пад такое азначэнне і ці разглядала іх творчасць адпаведная дзяржаўная камісія па прадухіленні экстрэмізму, ніводнага ўцямнага адказу ад афіцыйных асобаў не было.

“Калі ў Мінску выступаць не даюць, то мы вырашылі паспрабаваць выбіць канцэрты па ўсіх абласных гарадах, — распавядае лідар гурта Алесь Дзянісаў. — Апроч Магілёва, бо мы проста не ведаем, дзе там праводзіць канцэрт, не ведаем клубаў і гэтак далей. Калі па ўсіх абласных гарадах усё будзе нармальна і спакойна, то значыць наша забарона датычыцца толькі Мінску. А адпаведна, можна будзе судзіцца канкрэтна з Мінскам. Карацей, пакуль мы хочам празандзіраваць глебу па ўсёй Беларусі”.

Праз тое, што Уладзімір Булаўскі не верыў у атрыманне гастролькі, ён паставіў дату так бы мовіць “ад балды”. І ў выніку яна супала з канцэртам гарадзенцаў у Гданьску. Але музыкі ўжо паведамілі, што адменяць замежны канцэрт, каб выступіць на радзіме. Натуральна, што ніхто дакладна не ведае, ці не здарыцца ў дзень віцебскага канцэрту Dzieciuki прарыву каналізацыі ў Torvald Art-Pub-е, ці якога аварыйнага выкіду радыёактыўных рэчываў. Ну а пакуль музыкі запрашаюць на свой вялікі сольнік у Беластоку 25 лютага. Падрабязнасці на сайце арганізатараў.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі