Вы тут

Жыгамонт і Лагвінец пачастуюць півам наведнікаў фэсту “Партызан рок”

Першыя сто наведвальнікаў фестывалю “Партызан рок”, які пройдзе 5 лістапада ў Варшаве, атрымаюць дармавое піва з рук вядучага праграмы “Падарожжы дылетанта Юрыя Жыгамонта і намесніка старшыні “Руху за СвабодуАлеся Лагвінца.

“На ўваходзе будзе бар і, хутчэй за ўсё, спадар Жыгамонт будзе частаваць півам, а я, хутчэй за ўсё, буду разліваць, — кажа Алесь Лагвінец. — Яшчэ не ведаю, як гэта будзе матэрыяльна і фізічна размяшчацца, але ў кожным разе гэта будзе піва ад Лагвінца і Жыгамонта. Таму відавочна, што будзе магчымасць сфатаграфавацца і паразмаўляць з вядомым вядучым. А мы ведаем, што спадар Жыгамонт — легенда. Як і тыя, хто будзе выступаць. Таму тут усё адно да аднаго пасуе!”

Ідэя пачаставаць наведнікаў фэсту півам узнікла спантанна. Намеснік старшыні “Руху за Свабоду” звярнуўся да арганізатараў, каб паехаць на імпрэзу, адарвацца з сябрамі і паплечнікамі. А тыя прапанавалі яму ўдзел у такой акцыі.

На фэсце ў варшаўскім клубе Progresja выступяць Brutto&Lyapis (BLR/UKR), Dzieciuki (BLR), Hańbuki (PLN/BLR) ды Крамбамбуля (BLR). Падрабязнасці па коштах квіткоў, даездзе і візавай падтрымцы можна знайсці на сайце арганізатараў muztur.by.