Вы тут

Лукашэнка загадаў чыноўнікам высадзіць дрэвы "на кожным пятачку"

president.gov.by

У Мінску "на кожным пятачку" могуць высадзіць дрэвы. Такую задачу чыноўнікам паставіў Аляксандр Лукашэнка. У аўторак ён правёў нараду, прысвечаную рэгіянальнаму развіццю. Лукашэнка запатрабаваў, каб больш увагі надавалася азеляненню гарадоў.

"Краіна павінна быць прыгожай, цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — У кожнай вёсачцы, аграгарадку, у кожным раёне, вобласці, у Мінску — на кожным пятачку павінны быць высаджаны дрэвы... Трэба навесці парадак раз і назаўжды".

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, дрэвы — "гэта здароўе людзей", "наша візітная картка".

На нарадзе Лукашэнка згадаў, што даўно ставіў задачу высадзіць дрэвы і кусты ўздоўж аўтамабільных дарог, на пустках, на невыкарыстоўваных тэрыторыях. Ён абураны, што яе не выканалі. "Вазьміце гэта пад кантроль, пакуль гром не грымнуў", — загадаў кіраўнік дзяржавы.