Колькі дрэваў у Мінску і як пасадзіць яшчэ адно самому

Колькі дрэваў у Мінску і як пасадзіць яшчэ адно самому

Пакуль у Мінску сякуць скверы для пабудовы новых касцёлаў, Еўрарадыё вырашыла даведацца, хто і як акрамя эколагаў пільнуе і даглядае дрэвы.

 

Колькі дрэваў у Мінску?

Дакладна ніхто не ведае. Нават нягледзячы на тое, што кожнае дрэва ў горадзе стаіць на ўліку. Справа ў тым, што ўсе мінскія дрэвы замацаваныя за самымі рознымі арганізацыямі і ўласнікамі. Самая буйная з іх ― "Мінскзелянбуд", там на балансе ажно 900 тысяч дрэваў. Алё ў горадзе яшчэ ёсць Батанічны сад, двары, прадпрыемствы, тэрыторыі ля заправак і шмат чаго іншага. Пры гэтым колькасць дрэваў, якія належаць усім гэтым арганізацыям, можа нават пераўзыходзіць па колькасці гаспадарку "Мінскзелянбуда". Таму цалкам верагодна, што ў Мінску дрэваў не менш, чым жыхароў.

 

Хто за іх адказвае?

Асноўны гаспадар сталічных дрэваў ― "Мінскзелянбуд". Ёсць асноўнае падраздзяленне і яшчэ раённыя філіялы. Ён даглядае паркі, скверы, дрэвы, якія растуць паміж ходнікамі і праезджай часткай. Разнастайныя азялененыя тэрыторыі, але яны не цалкам належаць "Мінскзелянбуду". За дрэвамі, размешчанымі на тэрыторыі прадпрыемстваў, сочаць самі прадпрыемствы. Тое самае і з ваеннымі часткамі.

Усе тэрыторыі "Зелянбудаў" падзеленыя на ўчасткі асобных майстроў і менавіта ён пільнуе стан дрэваў. Калі яму патрэбная дапамога больш вузкага спецыяліста, то ён можа звяртацца ў лабараторыю. Прыкладна такая ж сістэма дзейнічае і на вялікіх прадпрыемствах.

 

Што значыць, абслугоўванне дрэваў?

Абслугоўванне, альбо дагляд дрэваў, якім павінны займацца супрацоўнікі "Мінскзелянбуда", уключае ў сябе абследаванне, санітарную абрэзку і барацьбу з паразітамі і шкоднікамі. Для гэтага пры арганізацыі працуе адмысловая лабараторыя. Дрэвы не толькі апрацоўваюць і лечаць ад хваробаў, але і падкормліваюць, калі гэта неабходна. Спілоўваюць дрэва тады, калі яно састарэла альбо яго немагчыма выратаваць.

 

Што рабіць, калі захацелася пасадзіць дрэва?

Для пачатку трэба разумець, што горад ― гэта не чыстае поле, не лес і нават не дачны участак. У кожным вялікім горадзе пад зямлёй схаваная сетка разнастайных камунікацый ― ад вадаправода да метрапалітэна. Дрэвы сваімі каранямі могуць іх пашкодзіць і нарабіць бяды. Так што, садзіць іх прыйдзецца вельмі асцярожна і пасля доўгай бюракратычнай працэдуры. Хаця ў "Мінскзелянбудзе" Еўрарадыё паведамілі, што гэта рэальна. А лепш за ўсё садзіць дрэвы, калі ёсць такое жаданне, падчас адмысловых суботнікаў. Яны праводзяцца кожную вясну і восень. Калі ўсё ж карціць пасадзіць дрэва самастойна, то узгадняць гэта прыйдзецца ў Камітэце архітэктуры (каб раптам ваша дрэва не вырасла на будучай будаўнічай пляцоўцы), арганізацыях, якія адказваюць за тэлефонныя кабелі, за камунікацыі, за электрычнасць. Кожная з іх павінна адсачыць, ці не парушыць ваша дрэва іх сетку. Мінімальная адлегласць ад ствала да бліжэйшага кабеля ці трубы ― два метры. Для куста ― метр. А яшчэ ёсць патрабаванні па адлегласці ад праезджай часткі, тратуараў і бардзюраў.

 

Што будзе, калі спілаваць дрэва без узгадненняў?

"Гэтага рабіць ні ў якім выпадку нельга. Любое нанясенне шкоды расліннаму свету нясе за сабой адказнасць. Меры вызначаюць спецыяльныя органы. Мы толькі фіксуем нанесеную шкоду і паведамляем пра гэта ў адмысловыя органы. У Камітэт прыродных рэсурсаў, напрыклад... Хаця не заўсёды бывае так, што нехта знішчыў дрэва таму, што захацеў. ДТЗ бываюць, падчас якіх дрэвы знішчаюцца. І не заўсёды чалавек вінаваты. Колькі разоў было такое, што на праспекце Незалежнасці кіроўцы проста трацілі прытомнасць і знішчалі дрэвы аўтамабілямі... Кожны выпадак разглядаецца індывідуальна", ― расказваюць у Службе па добраўпарадкаванні і утрыманні аб'ектаў гарадской гаспадаркі Мінска.

У выніку жаданне самавольна спілаваць дрэва можа для вас выліцца ў немалы штраф. Усё будзе залежаць ад таго, каму належыць спілаванае вамі дрэва, ці законна яго пасадзілі і якім яно было. Найчасцей канфлікты праз спілаваныя дрэвы ўзнікаюць у раёнах новабудоўляў, калі жыхары вышэйшых паверхаў садзяць дрэвы насупраць вокнаў першых і калі дрэвы вырастаюць, то перашкаджаюць пранікненню святла ў вокны кватэр. А некалькі гадоў таму ў Мінску на праспекце Дзяржынскага нават з'явіўся сапраўдны маньяк, які начамі падпілоўваў пірамідальныя таполі, па 10-15 за ноч. Бліжэй да раніцы дрэвы падалі на зямлю. Пакараць гэтага чалавека не змаглі праз стан здароўя, адправілі на лячэнне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі