Вы тут

У Мінску хочуць будаваць вонкавае метро як альтэрнатыву трамваю

Трамвай у Мінску / Еўрарадыё

Надземнае метро будзе будавацца ў Мінску як альтэрнатыва гарадскому трамваю. Пра такія планы заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

"У Мінску стаіць на парадку дня развіццё трамвая, але не звычайнага гарадскога трамвая. А як альтэрнатывы — вонкавае метро. Мы над гэтым працуем", — перадае БЕЛТА словы Сівака.

Чыноўнік дадаў, што ў генплане сталіцы ёсць кальцавая лінія метро, якая будзе на паверхні.

Такое ж вонкавае метро Сівак прапанаваў пабудаваць у Наваполацку. Ён заявіў, што сам гатовы падключыцца да гэтай працы, бо мае адпаведныя разлікі і дакументальныя матэрыялы, а таксама разуменне, як іх можна адаптаваць.

Дарэчы, той жа Сівак на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама заяўляў, што з цэнтра сталіцы ў Сухарава пабудуюць хуткасную трамвайную лінію. Праектаваць яе планавалі ў 2020 годзе.

Анатоль Сівак у 2012-2018 гадах быў міністрам транспарту. Потым Лукашэнка заявіў, што гатовы адправіць яго ў адстаўку за карупцыю ў мінстэрстве. Аднак прызначыў старшынёй Мінгарвыканкама. У верасні 2020-га Сівак стаў намеснікам прэм'ер-міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.