У Мінску цвярозыя фрыкі скакалі на роварах у ваду

Вы ўяўляеце сабе гучную дзвіжуху ў самым цэнтры Мінска без  кроплі алкаголю? Правільна! Гэта арт-пікнік Freaky Summer Party, які збірае на востраве ў Камсамольскім возеры аматараў пырскацца фарбай, гуляць у фрысбі, скакаць у возера на ровары, есці экаежу, набываць незвычайную вопратку і ладзіць фрыкавае вяселле.

Літаральна на ўваходзе ў Jam Market сустракаем дызайнера і музыку Дзіму Ску з жонкай Вікай і дачкой Мартай — яны традыцыйна прадаюць свае вясёлыя паштоўкі, падпісаныя, дарэчы, ужо і па-беларуску. Мы набываем адну з іх — пра "Грака Грышу, які вершы на айфон піша". Дзіма ўпэўнены, што сёння прадасць усё, маўляў, для гэтых людзей паштоўкі і малююцца.

"Тут сустракаеш сяброў, бачыш, што ўсё добра ў Мінску — ёсць шмат прыгожых, таленавітых, файных людзей, з якімі хочацца мець стасункі, — дзеліцца ўражаннямі Дзіма Ску. — Тут такая душэўная і выдатная атмасфера, якую ні з чым не параўнаеш.

Абыходзім востраў уздоўж і поперак. Па некалькі разоў. Спыняемся ля Акадэміі Velocity, дзе можна вывучыць правілы язды на ровары і нават атрымаць сапраўдныя "правы" з рук дзядзькі-даішніка! Падслухоўваем мілую перапалку наконт "хто каго купіць" медыямагнатаў Юрыя Зісера з TUT.by і Аляксандра Стэльмаха з Onliner.by на адукацыйнай пляцоўцы Edutainment. Назіраем, як смелыя хлопцы скачуць на роварах у ваду ў межах Bull Freaky Trick. І проста валяемся ў гамаках.

"Асабіста мне падобныя мерапрыемствы прыносяць вельмі шмат радасці.  Я вельмі чакала гэты дзень. Сёння тут такая цудоўная атмасфера: можна хадзіць басанож, практычна аголенай, абсыпацца фарбамі, валяцца на зямлі, карацей, рабіць тое, што я больш за ўсё люблю, — смяецца лідарка Clover Club Вольга Цяшкевіч. — Узнікае пачуццё яднання з прыродай і людзьмі".

Абсыпаемся фарбамі, ядзім сэндвічы з козьім сырам, танчым у "бразільскай вёсцы", ляжым у крэслах-мяшках у цяньку. Побач — вялікая зона забаваў для дзяцей.

"Здорава, што ў Беларусі нарэшце людзі робяцца свабоднымі, могуць свабодна сябе паводзіць, праяўляць, свабодна танцаваць пад музыку, не саромецца сябе, сваіх рухаў, сваёй знешнасці, — разважае наведвальніца FSP Надзея. — У нас прыгожыя людзі, як апынулася, вельмі мілыя і вясёлыя. Яны ўмеюць забаўляцца. Як апынулася, у нас прывіваецца культура сямейнага адпачынку, таму што прыемна бачыць парачкі, парачкі з дзецьмі, парачкі з дзецьмі і сабакамі. Вельмі крута, пазітыўна, здорава, што лета і лета ў горадзе праходзіць у падобным фармаце".

У музычным плане сёлетні арт-пікнік больш разнастайны, чым папярэднія. Апроч дыджэяў, якія граюць на трох невялічкіх сцэнах, публіку забаўляюць галоўныя хуліганы сучаснай беларускай музыкі — гурт Super Beese. За імі на галоўную сцэну выходзяць музыкі з Екацерынбургу "130 по встречной на старенькой Vespa", французскі электроншчык Débruit, расіяне Cheese People. А над берагамі возера разлятаюцца песні "Касіяпеі" і "Петли пристрастия", выкананыя пад акустыку Іллёй Чарапко-Самахвалавым і Іванам Селішчавым.

Super Beese

Вынікі FSP нам дапамагаюць падвесці сяброўкі Надзея і Наста, якіх мы сустракаем на выхадзе з вострава.

"Здорава, што правялі адмысловы трэнінг для раварыстаў, — кажа Наста. — Таму што сучасная культура пачынае масава карыстацца роварамі, скутарамі і падобнымі сродкамі перасоўвання, а не "затыкаецца" ў аўтобусах".

А Надзея дадае: "Velocity стаў самым  інтэрактыўным і самым карысным. Тут была ад і да скончаная думка. На ўсіх астатніх івэнтах трэба было проста падысці, пагуляць і сфатаграфавацца. Відавочна, што арганізатары спрабуюць нешта рабіць, але не могуць стварыць элемент гейміфікацыі і ўцягнуць людзей ад пачатку мерапрыемства да канца. Але ў любым выпадку ўсё вельмі крута. Нават у параўнанні з мінулым годам, калі ўсе пераймаліся адсутнасцю алкаголя, што ў Еўропе ўвогуле нонсенс - фестываль без алкаголю. Мабыць, нам трэба спачатку выпрацаваць культуру стасункаў у межах івенту, а потым даваць людзям пакрыху адчуць алкаголь. Магчыма, мы яшчэ не гатовыя.  Але сёлета, у параўнанні з мінулым годам, ужо ніхто не ўзгадваў пра алкаголь".

У любым выпадку штогод перад намі паўстае пікнік Freaky Summer Party, які ўнутры і вонкі ўдасканальваецца і робіцца больш цікавым. І не толькі дзякуючы безумоўнаму крэатыву арганізатараў, але і публіцы, якой падобныя івэнты дапамагаюць разняволіцца і раскрыцца. Ці тое яшчэ будзе!

Сярод "фрыкаў" заўважаны і прадзюсар "Ляпісаў" Яўген Калмыкоў

Débruit

Ілля Чарапко-Самахвалаў і Іван Селішчаў з "Пятлі"

Cheese People