У мінскім “МакДональдсе” гамбургеры… не гатуюць

Вядомы шэф-повар Джэймі Олівер выйграў суд супраць буйнейшай сеткі харчавання ў свеце. Олівер паказаў, што гамбургеры ў “МакДональдс” робяцца з гідраксідам амонія — аміячнай вадой. Фірма заявіла, што зменіць рэцэпт.
 
У беларускім “МакДональдс” Еўрарадыё кажуць, што рэцэптура гамбургера паўсюль аднолькавая:
 
“Такі ж па смаку гамбургер будзе ў ЗША, Украіне ці Расіі”, — распавядаюць  мне падчас экскурсіі ў “МакДональдс”.
 
Мяне гэта трохі бянтэжыць, бо, паводле слоў Олівера, лой (ялавічыны тлушч) прамываюць у гідраксідзе амонія — аміячнай вадзе, гэтая раздражняе страўнік. Пасля такой працэдуры, на думку вядомага брытанскага повара, ежа лічыцца непрыдатнай для спажывання чалавекам.
 
У беларускім рэстаране афіцыйна адказваюць, што “МакДональдс Беларусь” ніколі не выкарыстоўваў і не будзе выкарыстоўваць ялавічыну, апрацаваную гідраксідам амонія, для гамбургераў”. 
 
Як стала вядома Еўрарадыё, у мінскія рэстараны ежа паступае ў выглядзе паўфабрыкатаў, тут проста дагатоўваецца. 
 
Падчас экскурсіі супрацоўнікі фірмы ўказваюць мне на тое, што ў Беларусі вельмі вялікая ўвага надаецца якасці прыгатавання страў і бяспецы кліентаў, прасочваюць, дзе і як вырошчваецца бульба, чым кормяць бычкоў для мяса.
 
На пытанне Еўрарадыё, як гэта адбываецца, бо, да прыкладу, тую ж ялавічыну ў мінскі рэстаран вязуць з Расіі, а малако — з Брэсцкай вобласці, менеджар адказвае, што перыядычна ездзяць на месцы і нават паказвае фатаграфіі з малочна-таварнай фермы. 
 
Перад тым як зайсці на кухню, усе супрацоўнікі рэстарана мыюць рукі — перад умывальнікам вісіць нават спіс тых, хто колькі памыў рукі, а з сырой ежай працуюць толькі ў пальчатках. 
 
У сацсетках знаходжу акаунты супрацоўнікаў “МакДональдс” ў Беларусі , хочацца пачуць і не афіцыйную версію. 
 
Менеджар малодшага звяна кажа, што і сама есць ежу з рэстарана. 
 
“Ямо на працы, але па-за працай глядзець на ежу з “МакДональдс” не хочацца”, — распавядае пра прафесійную праблему менеджар. 
 
Дзяўчына пацвярджае, што рукі яны мыюць кожную гадзіну, гатуюць у пальчатках: 
 
“Нават на касах касіры анучкамі праціраюць месца працоўнае з растворамі для дэзінфікавання”.
 
Але на яе старонцы "УКантакце" знаходжу фоткі, дзе супрацоўніца трымае галеты для гамбургераў каля рота. Нават каментатары, якія пакінулі паведамленні пад фота, наракаюць, што дзяўчына “працуе не паводле стандартаў”. 
 
На пытанне Еўрарадыё, ці ясце вы фаст-фуд, мінчукі праз аднаго адказваюць, што былі ў “МакДональдс” ды іншых рэстаранах хуткага харчавання.
 
“Ведаю, што не здаровая ежа, але іншым разам хочацца нечага такога”. 
 
“Калі дзеці былі маленькімі, часта хадзілі ў “МакДональдс”, а зараз ужо не ходзім”.
“Ведаю, што гэта не здаровая ежа, але часта ем фастфуд. Піцы розныя — вельмі люблю”. 
“У “МакДональдс” бываю часта, але ем там салату, гарбату п’ю, іншым разам і гамбургеры ем”. 
"Ужо два дні ямо ў гэтам рэстаране цяжкасць у страўніку".
 
Толькі два з дзесяці прызнаюцца, што не бываюць у рэстаранах хуткага харчавання.
 
Па дарозе з экскурсіі заходжу ў яшчэ адзін “МакДональдс” — купляю гамбургер, але не для сябе, а для коціка ці сабачкі. Знайшла коціка. Той доўга не рашаўся падысці: зразумела, баяўся мяне асабіста. Нарэшце кот падышоў і да ежы. Спачатку з’еў булачку, а потым, пасля доўгіх пошукаў, з'еў і мяса.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі