У Мінэнерга пракаментавалі артыкул Bloomberg аб няштатнай сітуацыі на БелАЭС

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Спробай "дыскрэдытаваць нашы цёплыя адносіны" з Расіяй назваў артыкул агенцтва Bloomberg аб няштатнай сітуацыі на БелАЭС намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. "Выхопліваюць асобныя моманты рабочыя, якія былі падчас збудавання, і спрабуюць паднесці гэта як нейкую катастрофу. Няма ніякай катастрофы", — сказаў Міхадзюк. Паводле яго слоў, "мы ні сабе не ворагі, і не ворагі нашым суседнім краінам, і разумеем сваю адказнасць перад нашымі дзецьмі, унукамі, перад будучымі пакаленнямі". Паводле яго слоў, Беларусь заўсёды была адкрыта для міжнародных арганізацый, і ў МАГАТЭ няма пытанняў да беларускага праекта.

Чыноўнік таксама адгукнуўся на тую частку артыкула, дзе гаворка ідзе пра недахоп прафесійных кадраў для працы на АЭС. Паводле яго слоў, "станцыя ў нас укамплектавана поўнасцю штатам, неабходным для нармальнай эксплуатацыі станцыі".

Раней публікацыю Bloomberg аб праблемах на БелАЭС ужо каментаваў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў. У артыкуле, нагадаем, гаварылася, што ў лютым 2022 года на БелАЭС выявілі сур'ёзную праблему: у першы контур другога энергаблока прасочвалася іонаабменная смала. Гэта магло прывесці да выхаду са строю важных кампанентаў. Вынікам жа маглі стаць пашкоджанне або паломка стрыжняў кіравання і цеплавыдзяляльных зборак. Па дадзеных агенцтва, з-за гэтага надзвычайнага здарэння запуск другога энергаблока быў часова адкладзены.

Па словах Пяскова, гэтае здарэнне нельга назваць няштатнай сітуацыяй. "Гэта не няштатная сітуацыя падчас працы станцыі, там праводзяцца пуска-наладачныя працы", сказаў прэс-сакратар расійскага прэзідэнта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі