Вы тут

У Мінаховы здароўя адбыўся разбор здарэння ў віцебскай бальніцы

У бальніцы / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі адбыўся разбор здарэння ў віцебскай бальніцы. Лячэбна-кантрольны савет разглядаў вынікі двух праверак, якія праводзілі камісіі ведамства (адзначаецца, што ў іх складзе былі "вядучыя эксперты краіны").

7-8 студзеня ў Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі ў Віцебску ўзніклі праблемы з падачай кіслароду, сталі паміраць людзі. Пра гэта ў сакавіку расказаў анестэзіёлаг-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў. На сітуацыю адрэагаваў Аляксандр Лукашэнка, ён даручыў міністру Дзмітрыю Піневічу разабрацца.

Лячэбна-кантрольны савет Мінаховы здароўя 30 сакавіка ацэньваў якасць аказання меддапамогі ў згаданай віцебскай бальніцы, працу кіслароднай падстанцыі і выпадкі смерці пацыентаў (колькасць памерлых не называецца). Быў устаноўлены "цэлы шэраг недахопаў у арганізацыі медыцынскай дапамогі пацыентам у рэанімацыі... бальніцы, у тым ліку ў арганізацыі неабходнага абследавання і лячэння, маніторынгу дынамікі стану пацыентаў, афармлення медыцынскіх дакументаў". Зроблена выснова, што там "не захоўваўся санітарна-супрацьэпідэмічны рэжым".

Былі ўстаноўлены "прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі аварыйнай сітуацыі ў працы кіслародна-размеркавальнага вузла і кароткачасовага спынення падачы кіслароду ў аддзяленні рэанімацыі". Заяўляецца, што "выяўлена неадпаведнасць абсталявання, якое выкарыстоўвалася, дзяржаўным стандартам".

Рашэнне па здарэнні ў віцебскай бальніцу з'явіцца на афіцыйным сайце Мінаховы здароўя пасля правядзення дадаткова прызначанай незалежнай клініка-паталагаанатамічнай канферэнцыі — на рэспубліканскім узроўні па двух выпадках смерці пацыентаў, на абласным — па адным выпадку. Будуць вывучаны і дакументы закупкі і парадку выкарыстання кіслароднага абсталявання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.