У Мазырскім памежным атрадзе загінуў яфрэйтар

У Мазырскім памежным атрадзе загінуў яфрэйтар

Трагічная гісторыя адбылася ў Мазырскім памежным атрадзе. 20 лістапада ў 2:00 ночы знайшлі цела вайскоўца з прыкметамі суіцыду, паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт. Прычыны і абставіны яго смерці высвятляе Следчы камітэт.
  
20-гадовы яфрэйтар быў прызваны ў органы памежнай службы ў лістападзе 2018-га. У Дзяржаўным памежным камітэце падкрэслілі, што малады чалавек меў станоўчую характарыстыку, заахвочванні ад камандавання часці, у тым ліку падзяку за разумную ініцыятыву і стараннасць, праяўленыя пры нясенні службы, рашучыя дзеянні па выяўленні і затрыманні парушальніка мяжы, а таксама высокія паказчыкі па службе за трэці квартал 2019 года. Пасля тэрміновай ваеннай службы хлопец планаваў застацца служыць па кантракце. 

Таксама паведамляецца, што незадоўга перад гэтым юнак быў у адпачынку дома, у лістападзе вярнуўся ў часць. 

Як раней паведамляла Еўрарадыё, 9 кастрычніка спробу суіцыду ўчыніў 27-гадовы капітан Полацкага памежнага атрада. Яго знайшлі ў працоўным кабінеце з ранай на шыі. 

Прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў казаў, што сёлета ў беларускім войску былі тры выпадкі суіцыду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі