Вы тут

У лідара гурта "Акіян Эльзы" нарадзілася дачка. Яе назвалі Саламіяй

Святаслаў Вакарчук / Украинские новости

21 чэрвеня ў лідара культавага ўкраінскага гурта "Акіян Эльзы" Святаслава Вакарчука нарадзілася дачка. Дзяўчынку назвалі Саламіяй. Пра гэта 5 ліпеня музыкі напісалі на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку. Год таму, 19 чэрвеня, у Вакарчука нарадзіўся сын Іван.

"Тата і мама Саламіі і Івана вырашылі не распаўсюджваць іншую інфармацыю. А таксама просяць з павагай ставіцца да іх рашэння і права на прыватнае жыццё", — гаворыцца ў паведамленні.

20 гадоў Вакарчук быў у шлюбе з Ляляй Фанаровай, якая працавала іміджмэйкерам "Акіяна Эльзы" і мела дачку ад першага шлюбу. Пра растанне з Ляляй Вакарчук аб'явіў у чэрвені 2021 года. 

"Здарылася так, што пасля больш чым 20 гадоў шчаслівай і насычанай радасцю жыцця, нашыя з Ляляй дарогі разышліся", — напісаў тады музыка ў сваім instagram адзначыўшы, што пара застаецца "блізкімі людзьмі". 

Інфармацыі пра тое, на кім цяпер жанаты лідар "Акіяна Эльзы", няма. 

З пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Святаслаў Вакарчук даў безліч канцэртаў ва Украіне і за мяжой. 28 чэрвеня гурт даў вялікі канцэрт у Варшаве. Летам каманда таксама завітае ў Іспанію, Латвію і Чэхію. Грошы за квіткі на канцэрты музыкі адпраўляюць на патрэбы УСУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.