Вы тут

У Кіеве загінуў журналіст Павел Шарамет

У Кіеве загінуў вядомы журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет — гэта здарылася раніцай 20 ліпеня каля 7.45. Выбухнула машына, у якой ён ехаў. Як паведамляе Украінская праўда, выбух адбыўся на рагу вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка насупраць рэстарана Макдональдс.

Аўтамабіль належаў кіраўніцы “Украінскай праўды” Алене Прытуле, але яе не было ў машыне ў момант выбуху. На месца здарэння прыбыла паліцыя.    

Паводле папярэдняй інфармацыі праваахоўнікаў, у машыне спрацавала выбуховае прыстасаванне. У 7.40 Шарамет ад’ехаў ад дома па вуліцы Франка, 12 і даехаў да скрыжавання. У той момант пад сядзеннем кіроўцы спрацавала выбуховае прыстасаванне: пачуўся хлапок і машына загарэлася.

Антон Герашчанка дэпутат Вярхоўнай рады і дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны паведамляе, што Павал Шарамет загінуў у выніку выбуху прылады устаноўленагй пад дном аўтамабіля. Хутчэй за ўсё кіраванай дыстанцыйна.

"Гэта цынічнае і добра спланаванае забойства. Следства будзе разглядаць усе магчымыя версіі забойства Паўла Шарамета. У першую чаргу звязаныя з яго журналісцкай дзейнасцю. Не выключаючы і расійскі след".

Павел Шарамет нарадзіўся ў Беларусі ў 1971 годзе і пачаў там сваю журналісцкую кар’еру. У 1997 годзе падчас падрыхтоўкі скандальнага рэпартажа для расійскага тэлеканала ОНТ з беларуска-літоўскай мяжы, у якім паказаў, што яна фактычна не ахоўваецца, быў затрыманы сілавікамі. Быў асуджаны ўмоўна. Пасля да 2011 года жыў і працаваў у Маскве. Адначасова стварыў рэсурс “Беларускі партызан”, на якім публікуюцца вострыя крытычныя матэрыялы на беларускую палітычную тэматыку.

З 2012 года перабраўся ў Кіеў і актыўна супрацоўнічаў з “Украінскай праўдай”, быў вядучым на Радыё “Весці”.

У Паўла Шарамета засталіся жонка, сын і дачка.

Фота з месца здарэння