У Іжэўску, дзе абрынуўся пад’езд жылога дома, загінулі 6 чалавек
У расійскім горадзе Іжэўск, дзе 9 лістапада абрынуўся пад’езд дзевяціпавярховага жылога дома, колькасць ахвяр узрасла да 6 чалавек (раней паведамлялася пра пяць загінулых). Сярод іх ёсць 8-гадовае дзіця. Яшчэ тры чалавекі пацярпелі, дваіх з іх ужо выпісалі з бальніцы. Як інфармуе РІА “Новости”, цалкам былі разбураны 8 кватэр. Разглядаецца версія аб выбуху бытавога газу.
Жыхароў дома эвакуявалі, ідзе разбор завалаў. Невядомы лёс яшчэ двух чалавек. Падчас разбору завалаў і знайшлі шостую загінулую — жанчыну.
Дарэчы, частка жыхароў дома была размешчана ў адной са школ Іжэўска. Аднак пасля тэлефанавання пра закладзеную там бомбу іх перавялі ў іншую школу.