Мінчанін зладзіў страляніну ў Парку Перамогі
Парк Перамогі / planetabelarus.by
Увечары 32-гадовы мінчанін прыйшоў з жонкай у Парк Перамогі. З сабой ён узяў газабалонны пнеўматычны пісталет і кулі — хацеў пастраляць па пустых бутэльках. Сужэнцы падышлі да бяседкі, але там ужо адпачывала іншая пара. Мінчанін папрасіў мужчыну і жанчыну вызваліць месца, аднак тыя сыходзіць не сталі. Тады сужэнцы адышлі.
Неўзабаве мінчанін схаваўся за дрэвам, якое знаходзілася за некалькі дзясяткаў метраў ад бяседкі, і стрэліў у бок мужчыны, які знаходзіўся там з жонкай. Пацярпелы адчуў моцны боль у левым перадплеччы і сказаў жонцы прыгнуцца. Пасля гэтага пара пачула яшчэ каля дзесяці стрэлаў. Мужчына паведаміў пра здарэнне ў міліцыю, а стралка затрымалі.
У судзе мінчанін цалкам прызнаў віну і раскаяўся. Свой учынак ён патлумачыў крыўдай на незнаёмага мужчыну, які не саступіў ім бяседку. Раней мужчына не быў судзімы. Суд прызнаў яго вінаватым у асабліва злосным хуліганстве і прызначыў тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Пнеўматычны пісталет канфіскавалі ў даход дзяржавы.