У Іране пакаралі смерцю першага чалавека, асуджанага за восеньскія пратэсты

Іранец Махсэн Шэкары, пакараны смерцю за ўдзел у пратэстах / twitter.com/AlinejadMasih

У Іране пакаралі смерцю першага ўдзельніка восеньскіх пратэстаў, перадае Бі-Бі-Сі са спасылкай на іранскія дзяржаўныя СМІ.

23-гадовага Махсэна Шэкары павесілі зранку ў чацвер. Рэвалюцыйны суд прызнаў яго вінаватым у "варожасці супраць Бога". Паводле абвінавачвання, 25 верасня актывіст блакаваў галоўную дарогу ў Тэгеране і параніў мачэтэ чальца грамадзянскай міліцыі "Басідж".

Сам Махсэн Шэкары заявіў, што гэта быў "паказальны суд без якой-небудзь належнай прававой экспертызы". Ён абскардзіў прысуд у Вярхоўным судзе, але безвынікова.

У іранскіх СМІ паведамляецца, што да смяротнай кары за ўдзел у пратэстах асуджаныя яшчэ дзесяць чалавек.

Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся пасля таго, як паліцыя нораваў затрымала 22-гадовую Махсу Аміні за "няправільнае" нашэнне хіджаба (у яе з-пад хусткі былі бачныя валасы). Пасля арышту дзяўчына загінула пры нявысветленых абставінах. Сваякі заявілі, што паліцыянты жорстка збілі яе, а сілавікі сцвярджаюць, што ў яе была сардэчная недастатковасць.

Іранскія пратэсты доўжыліся некалькі тыдняў. Паводле афіцыйных звестак, падчас іх загінулі 200 чалавек. У ААН кажуць пра больш за 300 загінулых, у тым ліку больш як 40 дзяцей. Праваабаронцы гавораць, што было забіта больш за 400 дэманстрантаў і больш за 16 тысяч чалавек былі арыштаваныя. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.