У Гродне на славутасцях з'явіліся QR-коды (фота)

Цяпер турысты і жыхары Гродна змогуць больш даведацца пра гісторыю роднага горада і яго ваколіцах. Гэтай вясной у абласным цэнтры пачаў працаваць мабільны гід на шасці мовах. Каб атрымаць даведку, дастаткова мець смартфон і доступ у інтэрнэт.

QR-коды ўжо з'явіліся на Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве, Вялікай харальнай сінагозе, кінатэатры "Чырвоная зорка", пажарнай каланчы, на будынку палацава-паркавага комплексу "Свяцк", а таксама іншых вядомых гістарычных аб'ектах горада і Гродзенскага раёна. Усяго па сістэме "мабільны гід" у горадзе абсталявалі каля 30 аб'ектаў.

Калі сфатаграфаваць на мабільны тэлефон QR-код, праграма раскажа пра пазначаную славутасць, пакажа фота і відэа, а таксама парэкамендуе аб'екты паблізу па карце Google. Інфармацыя даступная на шасці мовах: беларускай, рускай, польскай, літоўскай, англійскай і нямецкай.

"Мабільны гід" стварылі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь. Геаграфію QR-кодаў плануюць пашырыць, каб стварыць мультымедыйны праект не толькі ў Гродне, але і па ўсёй вобласці.

Дарэчы, першы у горадзе QR-код быў размешчаны на галоўным корпусе Гродзенскашга ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў 2011 годзе. Гэта спасылка на QR-сайт універсітэта, дзе ёсць інфармацыя пра будынак, гісторыю ВНУ і яго навіны.