Літва не будзе забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь

Аўтобус, фота ілюстрацыйнае

Аўтобус, фота ілюстрацыйнае / 34travel.me

Літва не плануе забараняць аўтобусныя рэйсы ў Беларусь і Расію, паведамляе выданне LSM са спасылкай на міністра транспарту Юраса Тамінскаса.

Напярэдадні з такой прапановай выступіў апазіцыйны палітык, прадстаўнік кансерватыўнай партыі Арвідас Анушаўскас. У якасці прыкладу ён прывёў Латвію, дзе плануецца ўвесці падобную забарону.

Міністэрства транспарту Латвіі ўжо падало ўраду прапановы па папраўках да Закона аб аўтаперавозках, якія прадугледжваюць з наступнага года поўнае спыненне рэйсаў у РФ і Беларусь.

"Мы трымаем руку на пульсе, заўсёды ўзважваем сітуацыю. І зараз мы перыядычна ацэньваем гэтае пытанне, але дакладна не будзем рабіць рэзкіх рухаў", — адказаў лiтоўскi міністр на гэтую прапанову.

Паводле афіцыйнага спісу Літоўскага ўпраўлення бяспекі на транспарце, зараз дзейнічаюць 29 дазволаў на рэгулярныя пасажырскія перавозкі паміж Літвой, Расіяй і Беларуссю, а таксама на маршруты, якія праходзяць транзітам праз Літву. З іх 17 дазволаў датычацца маршрутаў з Вільнюса ў Мінск, Гродна, Гомель, Ліду і Ашмяны.

Літоўскі міністр таксама заявіў, што рашэнні Літвы не павінны залежаць ад унутрыпалітычнай і перадвыбарчай сітуацыі ў Латвіі. Прэзідэнцкія выбары ў Латвіі пройдуць вясной 2027 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.