У Гродне бюст Чапаева застанецца ў музеі і не вернецца на вулічны пастамент

У Гродне бюст Чапаева застанецца ў музеі і не вернецца на вулічны пастамент

У Гродне бюст Васіля Чапаева, зняты з пастамента на рэканструкцыю, пакінуць у музеі і на вуліцу ўжо не вернуць. Гэта вынікае з адказу на зварот гродзенскага блогера і літаратара Яўгена Аснарэўскага, атрыманага з Гродзенскага гарвыканкама.

“Неверагодна, але факт, сябры! Гродзенскі гарвыканкам адказаў на нашу з Rusl Kulevich петыцыю аб пераносе бюста тав. Чапаева з вуліцы ў музей... станоўча. Такім чынам, Васілi Іванавіч не павінен вярнуцца на свой гродзенскі п'едэстал, а павінен заняць месца ў музеi... I месца ў анекдотах у яго таксама ніхто не адымае”, — напісаў Аснарэўскі ў Фэйсбуку.

Бюст Чапаева стаяў на гродзенскай вуліцы імя Міхася Васілька, беларускага паэта. Гарвыканкам таксама адказаў, што на сёння не плануе ствараць за бюджэтны сродкі помнік паэту і ўсталёўваць яго на вуліцы.

Бюст героя Грамадзянскай вайны Васіля Чапаева ўсталявалі ў Гродне ў 1960-я гады. Сёлета ў лютым яго знялі з пастамента дзеля рэканструкцыі.  Чапаеў ніколі не быў у Гродне і наагул у Беларусі. Тым не меней у многіх гарадах ёсць вуліцы, названыя ў яго гонар.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі