Вы тут

У Гомелі закончыўся першы ў Беларусі суд па справе "дармаед супраць дзяржавы"

Падтрымаць Сямёнава сёння прыйшло каля 200 чалавек. Фота: twitter.com/svaboda

21 лютага ў Гомелі закончыўся першы ў Беларусі суд па справе "дармаед супраць дзяржавы". Аляксандр Сямёнаў падаў пазоў супраць падатковай інспекцыі. Ён патрабаваў вызваліць яго ад выплаты збору, выдаліць з базы "дармаедаў" яго персанальныя звесткі, а таксама паставіць пытанне аб адпаведнасці дэкрэта №3 Канстытуцыі нашай краіны. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вырашыў, што гэтая справа яму не падсудная.

Вось як пракаментаваў Еўрарадыё вынікі суда прадстаўнік Сямёнава, праваабаронца Леанід Судаленка:

"Суд вынес вызначэнне аб тым, што гэтая справа суду не падсудная. 10 дзён ёсць на абскарджванне ў Гомельскім абласным судзе. Але цікавасці ў Аляксандра мы не назіраем. Аляксандр задаволены гэтым вынікам. Таму, калі наступны дармаед у Віцебску, Брэсце, Гродне, Магілёве пойдзе ў суд з падобнага кшталу пытаннем, суд там хутчэй за ўсё скажа тое, што і ў Гомелі".

Як паведамляла Еўрарадыё, днямі Аляксандра Сямёнава нечакана выклікалі ў гарвыканкам, дзе паведамілі, што ён вызвалены ад выплаты збору па прычыне "жыццёвых абставін". Больш таго, яму прапанавалі працаўладкаванне.

Падтрымаць Сямёнава сёння прыйшло каля 200 чалавек.