Судаленка: Калі улада не адумаецца, людзі будуць і далей пратэставаць

Судаленка: Калі улада не адумаецца, людзі будуць і далей пратэставаць

Акцыі пратэсту з патрабаваннем адмены Дэкрэта №3 прайшлі 19 лютага ў большасці абласных гарадоў Беларусі. Самым масавым быў пратэст у Гомелі ― у акцыі ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Якім чынам гэтага атрымалася дамагчыся ў арганізатараў, ці будзе працяг акцый у рэгіёнах і чаму да арганізацыі гэтых народных акцый сацыяльнага пратэсту нельга дапускаць тытульную апазіцыю, абмяркоўваем з праваабаронцам Леанідам Судаленкам.

 

Цалкам размову з Леанідам Судаленкам можна паслухаць тут:

Цытаты з размовы з Леанідам Судаленкам:

 

Дармаедаў па ўсей краіне прыкладна аднолькава. У Гародні і Брэсце такая ж колькасць дармаедаў, што і Гомелі. Але там не было каму займацца акцыяй, таму там ўсё адбылося стыхійна.

У тым стане, у якім знаходзіцца так званая цэнтральная апазіцыя, я дакладна нікога слухаць не буду. Як можна слухаць вядомых палітыкаў, якіх я паважаю, калі Статкевіч кліча на 25 сакавіка, а той жа спадар Лябедзка ― на 15 сакавіка. Няўжо нельга дамовіцца? Хоць па галоўным, адным пытанні! Хлопцы, ну гэта ж не выбары!

Калі хочаш загубіць любую добрую справу, даручы яе выконваць некалькім людзям. Яна абавязкова будзе загубленая.

Моладзь сядзіць у інтэрнэце, яна жыве віртуальным жыццём. Напэўна, у іх ёсць больш магчымасцяў зарабляць сабе на хлеб, чым, скажам, у людзей сярэдняга, сталага узросту, якія ў асноўным і былі на акцыі. Яны казалі: “Нас гэты дэкрэт не тычыцца, але ён тычыцца нашых дзяцей, нашых унукаў. Таму мы тут”.

Няма такой мэты, праводзіць кожную нядзелю ў Гомелі гэтыя акцыі . І не трэба параўноўваць іх з маўклівымі акцыямі 2011 года. Паглядзім, як будзе дзейнічаць улада, што скажа: будзем мы жыць па часовых дэкрэтах ці па Канстытуцыі.

Наступае другая частка дармаедскага “балета” ― рэпрэсіўная санкцыйная частка. Людзям будуць налічваць ці то штрафы, ці то пені, ці нават арышты з абавязковым прыцягненнем да прымусовай працы. Калі улада не адумаецца і будзе далей гнуць сваю лінію, прыменяць гэтыя рэпрэсіўныя меры дэкрэта, людзі будуць пратэставаць.

Дэкрэт можна проста адмяніць, можна адмяніць у нейкіх частках. Можна пакуль не прымяняць, табу на яго накласці, замарозіць. Тут няма юрыдычных праблем, тут павінна быць палітычная воля. І усё!

Я не бачу праблем, каб вярнуць грошы, якія людзі ўжо заплацілі. Можна і не вяртаць, а можна залічыць наперад, на будучыя плацяжы. А можна увесці платную медыцыну. Бярэш удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, то лечышся бясплатна, і наадварот ― у бальніцы плаціш. Рана ці позна мы прыйдзем да страхавой медыцыны. Гэта толькі пачатак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі