У дваіх украінцаў у Крычаве канфіскавалі паўтоны сала

У Крычаве міліцыянты затрымалі дваіх украінцаў, якія перавозілі ў дызель-цягніку больш за 500 кг сала, інфармуе БЕЛТА. Міліцыянты, якія суправаджалі дызель Сураж-Крычаў, звярнулі ўвагу на мужчыну і жанчыну, у якіх быў вялікі багаж — 12 вялікіх гаспадарчых сумак і поліэтыленавы пакет. Ва ўсіх іх грамадзяне Украіны везлі салёнае і вэнджанае сала.

Як высветлілася, мужчына і яго дарослая дачка пастаянна пражываюць у Чаркаскай вобласці Украіны. Сала яны хацелі прадаць у Беларусі. Яны ведалі, што са жніўня 2014 года Беларусь не пускае ўкраінскае сала, баючыся афрыканскай чумы свіней, таму вырашылі ехаць праз Расію. Украінцы дабраліся да Бранска, а потым на спадарожным транспарце даехалі да Суража. Адтуль яны і ехалі ў Крычаў.

Пры затрыманых не было ніякіх дакументаў, акрамя пашпартоў. Таму ў іх канфіскавалі дванаццаць сумак вагой ад 35 да 50 кг. Сала, якога было больш за 513 кг, утылізавалі.

На ўкраінцаў склалі адміністрацыйны пратакол. Ім пагражае штраф да 3,6 млн рублёў (да 20 базавых велічыняў).

Фота — bigmir.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі