У Давыд-Гарадку ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці з моста ў Гарынь упалі парэнчы і слуп. Адбылося гэта ў дзень, калі ў Беларусі панавала непагадзь — залевы, навальніцы і моцны вецер. Раённая газета "Навіны Палесся" ўдакладняе, што парэнчы абрынуліся "ад ветру".
Здарэнне ў Давыд-Гарадку — яшчэ адно сведчанне пра існаванне рэальных праблем з мастамі ў нашай краіне. Большасць з іх была пабудаваная яшчэ ў савецкія часы і патрабуюць рамонту. А грошай у бюджэце на гэта катастрафічна не хапае, а спадзявацца на "еўрапейскія грошы" падчас дзеяння санкцый не выпадае.
