Вы тут

Недафінансаванне і высокія нагрузкі: што адбываецца з беларускімі мастамі?

Трэснуты мост у Пружанах / TUT.by

19 траўня мост абрынуўся ў Пружанскім раёне, 25 траўня — у Барысаўскім, 18 чэрвеня на рамонт закрылі галоўны мост у Наваполацку, а 19 чэрвеня трэснуў пуцеправод каля Печаў. Чаму беларускія масты пачалі развальвацца ў адзін час і што трэба, каб пазбегнуць далейшых аварый?

"Дарога туды-назад павялічылася на 40 кіламетраў"

Навіна пра закрыццё моста цераз Дзвіну па вуліцы Калініна 18 чэрвеня абурыла новапалачан. Транспарту даводзілася выкарыстоўваць аб'язны маршрут — да 10 кіламетраў, — бо іншага моста цераз раку папросту няма.

— Калі ў Полацк яшчэ ёсць альтэрнатыўныя дарогі, то дабрацца да вёсак на процілеглым беразе ракі стала вельмі складана, — кажа новапалачанін Алег. — Раней дарога да вёскі Міжрэчча займала ў мяне пяць хвілін, цяпер больш за паўгадзіны. Даўжыня дарогі туды-назад павялічылася на 40 кіламетраў. Па дарозе ў Полацк сталі ўтварацца доўгія заторы.

Заторы па дарозе ў Полацк / gorod214

"У моста выяўлены шэраг дэфектаў, якія зніжаюць грузападымальнасць і даўгавечнасць збудавання. Стан яго пралётных пабудоў кваліфікуецца як перадаварыйны, далейшае развіццё дэфектаў можа прывесці да абвальвання" — такая афіцыйная прычына закрыцця моста. У найбліжэйшы час на ўзроўні Міністэрства транспарту і ўрада будуць вырашаць пытанне: рамантаваць мост або разбіраць яго і будаваць фактычна новы. У першым выпадку работы могуць працягнуцца да чатырох месяцаў, у другім — да двух гадоў.

22 чэрвеня ў Наваполацку пабудавалі пантонны мост цераз Дзвіну даўжынёй прыкладна 130 м.

Пантонны мост / gorod214

Калі наваполацкі мост паспелі закрыць яшчэ ў перадаварыйным стане, то масты ў Пружанскім і Барысаўскім раёнах проста-такі абрынуліся. На шчасце, абышлося без ахвяр.

Мост у Барысаве / ex-press.by

Трэснуты пуцеправод у Печах у Барысаўскім раёне дэфармаваўся "праз анамальную спякоту", да такой высновы прыйшлі спецыялісты. Арганізаваны часовы аб'езд — час у дарозе для барысаўчан павялічыўся прыблізна на паўгадзіны.

Брак фінансавання і невыкананне рамонтаў

Чаму пачалі развальвацца Беларускія масты? Еўрарадыё звярнулася з гэтым пытаннем да эксперта.

— Усе будынкі, якія знаходзяцца ў аварыйным і перадаварыйным стане, пабудаваныя ў савецкі час, у 1960–1980-х гадах. У тыя гады нагрузкі на збудаванні былі не такія вялікія, як у цяперашні час. Нягледзячы на гэта, многія збудаванні вытрымліваюць сучасныя нагрузкі, паколькі спраектаваны з дастатковым запасам трываласці. Гэты запас дазваляе ўзмацняць іх і эксплуатаваць і далей.

У цэлым тэрмін эксплуатацыі капітальнага моста — сто гадоў. Але ў перыяд жыцця збудавання яго чакае ад аднаго да чатырох капітальных рамонтаў (кожныя 25 гадоў), — расказвае Еўрарадыё Сяргей, які шмат гадоў працуе ў сферы мостабудавання.

— І як гэта адбываецца ў нашых рэаліях? Рамонты робяць своечасова?

— Ёсць рэспубліканская праграма, згодна з якой выбіраюцца масты, якія трэба рамантаваць. Ёсць інфармацыя, што гэта праграма выконваецца прыблізна на 25 адсоткаў у лепшым выпадку. Гэта сведчыць пра брак фінансавання. Таксама ў нас эканомяць на ўтрыманні збудаванняў.

— А само будаўніцтва мастоў можна назваць надзейным? І ці былі савецкія праекты ўдалымі?

— Працэс будаўніцтва і працэс праектавання, я лічу, у нас на нармальным узроўні. Ёсць праблемы ў выбары матэрыялаў і метадаў будаўніцтва, бо часцяком трэба выкарыстоўваць айчынныя матэрыялы і наяўныя магутнасці. Сфера досыць манапалізаваная, прыватныя кампаніі можна пералічыць па пальцах.

— Калі абагульніць: у чым галоўная прычына таго, што масты пачалі развальвацца?

— Выснова наступная: сучасныя нагрузкі перавышаюць тыя, на якія былі запраектаваныя. Плюс павялічаны міжрамонтныя тэрміны, ёсць недасканаласць тэхналогіі і не ў час зробленыя капітальныя рамонты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.