Вы тут

У дачыненні Алеся Ліпая пачалі крымінальную справу, яго адпусцілі пасля допыту

Алесь Ліпай (справа). Фота: tut.by

У дачыненні кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая пачалі крымінальную справу "за ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры" (ч. 2 арт. 243 КК). Пра гэта паведамляе прэс-служба Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантроля.

Як інфармавала Еўрарадыё, 14 чэрвеня ў кватэры Ліпая прайшоў ператрус. Пасля гэтага яго павезлі ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў па Мінскай вобласці і Мінску. Праз некалькі гадзін Алеся Ліпая вызвалілі.

Высветлілася, што падставай для распачацця крымінальнай справы сталі атрыманыя ад падаткавікоў матэрыялы праверкі Ліпая па выяўленых фактах нявыплаты ім падаходнага падатку з даходаў, якія паступілі з-за мяжы. Фінансавая міліцыя сцвярджае, што ў 2016-2017 гадах кіраўнік БелаПАН атрымаў "ад нерэзідэнтаў Беларусі" прыбытак у памеры больш за 1,3 млн рублёў у эквіваленце. Сцвярджаецца, што Алесь Ліпай наўмысна не прадаставіў у інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах ва ўстаноўленыя тэрміны падатковыя дэкларацыі, а падаходны падатак не быў заплачаны. Праваахоўнікі падлічылі, што ўхіленне ад выплаты падаходнага падатку склала больш за 173 тысячы рублёў.

Калі пра гэты факт стала вядома, Ліпай прызнаў парушэнне і ў аўторак, 12 чэрвеня (у гэты дзень была распачатая крымінальная справа), заплаціў падаходны падатак у памеры больш за 191 тысячу рублёў. Паколькі памер страт склаў больш за 1000 базавых велічынь (24 500 рублёў), незалежна ад таго, што яны былі кампенсаваны, фінансавая міліцыя была вымушана распачаць справу і правесці расследаванне пра абставіны атрымання грошай.