У Брэсце пачаўся суд па справе аб забойстве дзіцяці, якога збіла маці

10 сакавіка Брэсцкі абласны суд пачаў разгляд справы аб забойстве 5-месячнага Сашы. У лістападзе мінулага года яго жорстка збіла 20-гадовая маці. Як паведамляла Еўрарадыё, жанчыну затрымала міліцыя, была распачатая крымінальная справа па артыкуле "замах на забойства". Дзіця было шпіталізаванае з цяжкімі траўмамі галавы, з пераломам пляча. Яго жыццё выратаваць не ўдалося, Саша памёр.

Як піша газета "Вечерний Брест", у зале суда абвінавачваная Наталля Т. сядзела за кратамі пад вартай, апусціўшы вочы. Яе 20-гадовы муж Мікалай, бацька Сашы, праходзіць як пацярпелы, у суд ён прыйшоў разам са сваякамі і знаёмымі. Дарэчы, ён дагэтуль жыве ў той здымнай кватэры, дзе адбылася трагедыя.

У першы дзень на судзе былі агучаныя траўмы, якія атрымала дзіця. У жыццёва важныя органы было нанесена не менш за дзевяць удараў... Абвінавачаная распавяла, што свайго бацьку ніколі не бачыла, жыла з маці і дзядулям. З Мікалаем пазнаёмілася ў сакавіку 2013-га, а ў лютым 2014 года яны распісаліся, у чэрвені нарадзіўся Саша. Жыць з маці і дзядулям яны не змаглі — рэгулярна ўзнікалі сваркі, і яны знялі кватэру.

Мікалай Т. у судзе гаварыў, што яго жонка разам са сваёй маці злоўжывала алкаголем (Наталля гэта адмаўляе), і ён нават думаў пра развод. У ноч трагедыі, калі ён быў на працы ў начную змену, Наталля з маці адзначыла наваселле — на дваіх выпілі дзве бутэлькі гарэлкі. Пасля маці пайшла дахаты, а Наталля засталася з сынам. Яна распавядала ў судзе, што дзіця плакала і ніяк не супакойвалася. Яна брала яго на рукі, кідала на канапу, некалькі разоў ударыла далонню ў твар, кідала зноў, брала за руку і перакідвала з канапы на ложак...

"Мае паводзіны былі жахлівыя... Я сваё дзіця вельмі любіла", — сказала ў судзе маці Сашы.

Працяг суда — 11 сакавіка.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі