Медыкі змагаюцца за жыццё 5-месячнага Сашы, якога жорстка збіла маці

П'яная 20-гадовая жанчына ў Брэсце збіла свайго сына, 2014 года нараджэння. Дзіця завезлі ў бальніцу з чэрапна-мазгавой траўмай. Як інфармуе прэс-служба МУС, жанчына знаходзілася ў адпачынку па догляду за дзіцём. Яе затрымала міліцыя. Распачатая крымінальная справа па артыкуле "замах на забойства".

Жанчына распавяла следчым, што позна ўвечары распівала алкагольныя напоі. Дзіця плакала, тады яна нанесла пяць удараў далонню па твары і кінула дзіця на канапу, хлопчык моцна ўдарыўся галавой.

Як інфармуе партал tut.by, стан дзіця "цяжэйшы" (у яго не толькі цяжкія траўмы галавы, але і пералом пляча). На дадзены момант медыкі змагаюцца за яго жыццё. На жаль, паводле іх прагнозаў, шанцы ў хлопчыка выжыць невялікія. Раней з'явіліся непраўдзівыя паведамленні, што ён памёр, але яны не пацвердзіліся.

Tut.by пагаварыў з бацькам хлопчыка Мікалаем. Паводле яго слоў, ён вярнуўся раніцай з працы, з начной змены. Пабачыўшы дзіця, якое хрыпела, выклікаў хуткую дапамогу, пры гэтым жонка крычала: "Не выклікай!".

Паводле слоў мужчыны, на момант здзяйснення злачынства яна была цяжарная, пасля, нібыта, здарыўся выкідыш. Мікалай кажа, што ў жонкі былі праблемы з алкаголем. Аднойчы, калі ён быў у ад'ездзе, яна даслала яму СМС са словамі "буду здзекавацца над тваім сынам". Але пасля гэтага праблем не было.

Мужчына ўжо наведаў свайго 5-месячнага сына Сашы ў рэанімацыі бальніцы. Ён збіраецца запрасіць туды святара, каб пахрысціць хлопчыка.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі